Працаўнікі Менскага мэблевага цэнтра ў Маладзечне ўзбунтаваліся праз перапынкі
1- 12.10.2023, 18:09
- 10,824
Санстанцыя дазволіла дадатковыя «перакуры», а кіраўніцтва працягнула штрафаваць за іх.
Работнік Менскага мэблевага цэнтра ў Маладзечне распавёў «Зеркалу», што ім забараняюць пакідаць працоўныя месцы на дадатковыя перапынкі. Іх устанавіла санстанцыя праз павышаную тэмпературу ў памяшканнях, дзе яны працуюць. Нягледзячы на прадпісанне, кажа работнік, за перапынак па-за звычайным графікам можна выклапатаць штраф.
Імя суразмоўцы змененае ў мэтах бяспекі.
Са слоў Ягора, аднаго з працаўнікоў Менскага мэблевага цэнтра, праблемы з высокай тэмпературай у цэхах прадпрыемства з'явіліся яшчэ ў 2021 годзе. Кіраўніцтва не хацела ісці насустрач супрацоўнікам, праз што яны былі вымушаныя звярнуцца да журналістаў.
У чэрвені 2021 года ў газеце «Минская правда» выйшла нататка аб моцнай гарачыні ў цэхах Менскага мэблевага цэнтра. Цяпер гэты матэрыял на сайце газеты недаступны, але яго копія захавалася на старонцы выдання Kraj.by. Сёлета праблема з высокай тэмпературай паветра ў цэхах ММЦ паўтарылася.
- Да нас зноў прыехала санстанцыя, кіраўніцтва было аштрафаванае, і нам зрабілі дадатковыя перапынкі, - тлумачыць Ягор. - Але ў выніку ўсё засталося толькі на словах. Начальнік аддзела тэхнікі бяспекі ад рукі напісаў час дадатковых перапынкаў і сказаў, што гэты графік - на меркаванне майстроў і начальнікаў. Пару тыдняў нас ніхто не чапаў, а потым начальства праігнаравала прадпісанне санстанцыі, і ўсё вярнулася да пачатковага пункта.
Са слоў Ягора, нават пасля таго як тэмпература паветра на вуліцы знізілася, у цэхах ММЦ усё адно горача.
- У цэхах вісяць градуснікі, і кожны можа бачыць, якая цяпер тэмпература, - распавядае Ягор. - Нягледзячы на тое, што на вуліцы пахаладала, у нас вельмі горача, у канцы верасня даходзіла да +32 градусаў. І вядома, людзі выходзяць на вуліцу часцей, чым прадугледжана графікамі. Кіраўніцтва прадпрыемства сочыць за супрацоўнікамі праз камеры назірання, і ў выпадку адсутнасці на працоўным месцы могуць пазбавіць прэміі.