У Менску правялі трэніроўку на выпадак з'яўлення бубоннай чумы
17- 12.10.2023, 18:46
- 5,104
Фотафакт.
Медыкі ў Менску адпрацавалі тактыку на выпадак выяўлення бубоннай чумы, паведаміў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Рэспубліканскае вучэнне праходзіла 11 кастрычніка.
У 10-ю гарадскую клінічную лякарню Менска па накіраванні паліклінікі з дыягназам «халецыстыт» паступіў пацыент. Ён працуе кіроўцам-міжнароднікам, напярэдадні вярнуўся з камандзіроўкі. Пры шпіталізацыі ў стацыянар сімптомаў інфекцыйных захворванняў у яго не было, але раніцай мужчына прачнуўся з высокай тэмпературай, галаўным і мышачным болем. Медыкі западозрылі бубонну форму чумы. Такой была легенда вучэння.

У вучэннях задзейнічалі працаўнікоў хірургічнага аддзялення стацыянара. Таксама запрасілі эпідэміёлагаў, спецыялістаў галоўных управаў у ахове здароўя аблвыканкамаў.

У Менску гэта ўжо другія вучэнні за год. А ў рэгіёнах такія трэніроўкі праводзяць штогод. Рэгулярна адпрацоўваюць дзеянні на выпадак з'яўлення халеры, сібірскай язвы, ліхаманкі Дэнге, Ласа, Марбург, Заходняга Ніла.
Ад РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў вучэннях бралі ўдзел навуковыя супрацоўнікі лабараторыі біябяспекі з калекцыяй патагенных мікраарганізмаў. Яны выступілі з дакладам «Асаблівасці лабараторнай дыягностыкі чумы».
