20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:06
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У полацкай рацэ знайшлі царкоўную срэбную чару XIX стагоддзя

16
У полацкай рацэ знайшлі царкоўную срэбную чару XIX стагоддзя

Знаходку перадалі ў сабор.

У полацкі Богаяўленскі сабор перадалі срэбны пацір XIX стагоддзя – царкоўную чару на высокай ножцы для асвячэння віна і прыняцця прычасця. Яе знайшлі ў Заходняй Дзвіне два мясцовыя ратавальнікі, расказалі ў Віцебскай абласной управе МНС.

Пацір адносіцца да часоў расейскага імператара Аляксандра ІІІ, які кіраваў у 1881–1894 гадах. Чара выкананая са срэбра 84 спробы. Вага – 760 грамаў, вышыня – 30 сантыметраў. Зробленая ў маскоўскай майстэрні Аляксея Сцяпанава.

Знайшлі пацір супрацоўнікі МНС – браты Аляксандр і Павел Брыль. Чару яны знайшлі падчас падводнага палявання ў Заходняй Дзвіне.

«Мы з братам плавалі недалёка ад Богаяўленскага сабора, бачылі там якар, які хацелі дастаць для музея, падплыў бліжэй да берагу і ўбачыў “каструльку”. Адразу не зразумеў, што гэта, раскапаў і ўбачыў, што гэта чара. Дома разгледзеў і зразумеў, што гэта пацір XIX стагоддзя», – расказаў Аляксандр Брыль.

Знаходку перадалі ў Богаяўленскі сабор. Там 13 кастрычніка адслужылі падзячнае набажэнства. Епіскап полацкі і глыбоцкі Ігнацій паведаміў, што знойдзеную чару адновяць, а потым будуць выкарыстоўваць пры хрышчэнні немаўлятаў і прычасці.

У падзяку біскуп перадаў ратавальнікам і прадстаўнікам мясцовай улады іконы, якія «будуць ахоўваць іх на жыццёвым шляху».

Раней браты ўжо перадалі ў музей меч часоў ВКЛ, а таксама дасталі са дна ракі больш за 30 якараў – для добраўпарадкавання будучага музея пад адкрытым небам.

Нагадаем, нядаўна ў Полацку знайшлі скарб візантыйскіх фолісаў, адчаканеных на мяжы X–XI стагоддзяў, якія трапілі ў горад недзе ў 1000-я гады.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».