Беларускі інвестар груба адказаў заснавальніку стартапа праз граматычную памылку.
34- 14.10.2023, 10:37
- 9,688
Затое зараз праект можа атрымаць шанц на фінансаванне.
Цікавая гісторыя адбылася з Ігарам Маханьком, стваральнікам фонду для стартапаў-мігрантаў GeekVenture. Раней Маханёк працаваў у Google і Facebook, а таксама гуляў у «Што? Дзе? Калі?».
Да яго звярнуўся чалавек, якога клічуць Гэры. Ён ветліва апісаў свой праект і растлумачыў, чаму ён важны. Але ў ягоным допісе было пару граматычных памылак – да прыкладу, ён напісаў there замест their. У адказ Маханёк напісаў, што яны «не фінансуюць непісьменных заснавальнікаў стартапаў».
Гэры выклаў перапіску на сваю твітэр-стронку, і яна завірусілася, набраўшы амаль два мільёны праглядаў і амаль 600 рэпостаў. «Гэты венчурны інвестар «упарта» дапамагае стартаперам-мігрантам. Іранічна... Можна адмовіць і без пагарды», – напісаў ён.

Пасля гэтага Маханёк спачатку апублікаваў на сваёй твітэр-старонцы апытанне. Сэнс яго зводзіўся да таго, ці варта сур'ёзна разглядаць прапановы інвестараў, якія дапускаюць граматычныя памылкі. Амаль 80% карыстальнікаў адказалі, што граматыка не такая важная.

Пасля таго, як допіс Гэры стаў вірусным, на Маханька вылілася даволі шмат нянавісці, а ён напісаў прабачэнні. «З майго боку гэта было груба і нягодана. Часам дрэнная раніца заканчваецца вось так. Прабачце! На дрэнныя паводзіны трэба звяртаць увагу, якраз так і адбылося», – напісаў Ігар.

Але хвалю нянавісці было не спыніць – карыстальнікі ўзгадалі інвестару апытанне, якое ён выклаў за пару гадзін да таго. «Спачатку вы падвоілі стаўкі, а пасля зразумелі: «Чорт, грамадскасць не на маім баку, давайце я хутка пераабуюся», – піша адзін з карыстальнікаў. Шмат іншых каментароў вытрыманы ў такім жа духу, даходзіць і да адкрытых абраз.

Некаторыя гавораць, што адказ Ігара быў выключна грубым. А адзін з карыстальнікаў падзяліўся, што за ўсе гады зваротаў у фонды з ім не адбывалася нічога падобнага і заклікае яго да адказнасці.

Праўда, частка карыстальнікаў падтрымала Ігара – гэта ў тым ліку і тыя, хто з ім працаваў як з інвестарам. Людзі гавораць, што кожны можа памыліцца і быць грубым. Адзін з карыстальнікаў піша: «Мы прымаем вашыя прабачэнні, проста цяпер крыху балюча. Дайце крыху часу, і дзякуй за тое, што папрасілі прабачэння».

Ігар распавёў «Нашай Ніве», што ў выніку разгледзіць магчымасць прафінансаваць стартап Гэры:
«Я прашу прабачэння перад Гэры і іншымі, каго мой рэзкі адказ зачапіў; я не меў рацыі. Я прапанаваў Гэры пагаварыць пра ягоны стартап. Наша місія – падтрымліваць імігрантаў, якія будуюць інавацыйныя кампаніі, і мы працягваем інвеставаць у выдатных фаўдэраў».