Уплывовыя расейцы нечакана атакавалі Лукашэнку
5- 18.10.2023, 9:05
- 19,570
Інвестары прапанавалі «перакрыць кісларод» дыктатару.
Прыватныя расейскія інвестары папрасілі абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расейскага рынку капіталу праз нявыплаты за раней выпушчаныя еўрааблігацыі, вынікае са звароту на імя намесніка міністра эканамічнага развіцця РФ Дзмітрыя Вальвача, паведамляе РБК са спасылкай на копію ліста, які ёсць у распараджэнні выдання.
Аўтарам зваротаў ад імя інвестараў выступае інвестар Аляксандр Марчанкаў, ён жа раней ініцыяваў судовы разбор з беларускім Мінфінам праз выплаты за еўрабонды ў Масгарсудзе. У лісце Марчанкаў пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў — 200 фізічных асоб і 30 арганізацый, якім належаць беларускія еўрааблігацыі на суму больш як $200 млн. Ён просіць Вальвача "прыняць меры для найхутчэйшага выканання Беларуссю сваіх абавязанняў перад усімі расейскімі інвестарамі". Пад абавязацельствамі маюцца на ўвазе выплаты за еўрааблігацыі Беларусі, якія расейскія інвестары не атрымліваюць з пачатку лета 2022 года.
Да выканання абавязанняў прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў просіць "у найкарацейшыя тэрміны прызнаць Міністэрства фінансаў Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расеі". Акрамя таго, Марчанкаў ад імя інвестараў просіць "разгледзець магчымасць абмежавання міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі з боку Расеі да поўнага ўрэгулявання запазычанасці перад расейскімі інвестарамі".
Такія ж звароты Марчанкаў накіраваў у міністэрствы фінансаў Расеі і Беларусі, а таксама ў Банк Расеі. Крыніца РБК з ініцыятыўнай групы распавяла, што інвестары маюць намер звярнуцца з пазовам наконт нявыплат за беларускія дзяржаўныя паперы ў Лонданскі міжнародны арбітраж (LCIA).
ЦБ пераслаў просьбу аб абмежаванні крэдытавання Менска ў Мінфін, гаворыцца ў адказе рэгулятара (копія ёсць у РБК) на зварот іншага расейскага інвестара, чальца Асацыяцыі уладальнікаў аблігацый (АВА) Сяргея Сазонава. Таксама ў ЦБ адзначылі, што пытанне выканання абавязацельстваў перад расейскімі інвестарамі "знаходзіцца ў поле зроку кіраўнікоў рэгулятараў фінансавага рынку Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь".
Перадгісторыя разбораў
Нагадаем, вясной гэтага года расеец Аляксандр Марчанкаў звярнуўся ў Маскоўскі гарадскі суд аб спагнанні запазычанасці за каштоўныя паперы Міністэрства фінансаў Беларусі на суму 310 тысяч даляраў.
Размова ідзе аб выплатах за два выпускі еўрааблігацый Беларусі з выплатай у 2030 і 2031 годзе, піша РБК са спасылкай на матэрыялы справы. Пазоўнік патрабуе ад Мінфіна Беларусі датэрмінова выплаціць набытыя ім аблігацыі, бо міжнароднае агенцтва Moody's прызнала дэфолт у дзяржаўнай запазычанасці краіны. Патрабаванні, якія тычацца датэрміновай выплаты папер, складаюць 280 тысяч даляраў. Акрамя таго, Марчанкаў патрабуе з беларускага Мінфіна суму ўжо выплачаных па паперах купонаў сумай 17 тысяч даляраў, а таксама просіць выплаціць яму адсоткі за выкарыстанне яго грашовых сродкаў і кампенсаваць судовыя выдаткі.
Прадстаўнік Мінфіна нашай краіны сказаў, што Менск не адмаўляецца ад выплат, а робіць іх у беларускіх рублях, спасылаючыся на санкцыі.
Мінфін Беларусі намагаў на пераносе разгляду справы ў Менск ці Лондан, заявіўшы, што расейскія суды не могуць разглядаць гэтую справу.
У выніку 6 верасня Маскоўскі гарадскі суд спыніў разгляд пазоў прыватнага інвестара з Расеі да Мінфіна Беларусі праз нявыплаты ў еўрааблігацыях, спаслаўшыся на непадсуднасць справы расейскім судам.