У Расеі зладзілі істэрыку праз таемную перадачу ATACMS Украіне
10- 18.10.2023, 10:03
- 11,528
Нервовую рэакцыю агучыў пасол РФ у ЗША.
У Расеі назвалі перадачу Украіне амерыканскіх ракет ATACMS "найгрубейшай памылкай", прыстрашыўшы "самымі сур'ёзнымі" наступствамі.
Пасол Расеі ў Злучаных Штатах Амерыкі Анатоль Антонаў у каментары РІА Новости сказаў, што ЗША нібыта працягваюць падштурхоўваць да прамога сутыкнення NАТО з Расеяй.
«Пастанова Белага дома аб накіраванні ўкраінцам дальнабойных ракет - найгрубейшая памылка. Наступствы гэтага кроку, які наўмысна хаваўся ад грамадскасці, будуць мець самы сур'ёзны характар. Вашынгтон паслядоўна вядзе лінію на поўнае згортванне двухбаковых стасункаў», - сказаў амбасадар журналістам.
Пры гэтым ён запэўнівае, што перадача ракет нібыта не зможа паўплываць на расстаноўку сіл на фронце.
Украіна атрымала ATACMS: што вядома
Нагадаем, што мінулай ноччу расейскія захопнікі заявілі аб магутным нападзе на свае аэрадромы ў акупаваных Бярдзянску і Луганску. Яны запэўнівалі, што Украіна ўдарыла па аб'ектах ракетамі ATACMS.
Сілы спецыяльных аперацыі Узброеных сіл Украіны паведамілі, што правялі аперацыю пад назвай DRAGONFLY. Падчас яе былі знішчаны дзевяць гелікаптэраў, спецтэхніка, пускавая ўстаноўка СПА і склад боепрыпасаў.
У вячэрнім відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што ўкраінскія вайскоўцы ўжылі дальнабойныя ракеты ATACMS.