20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:04
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль

4
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль
Джо Байдэн

Перад гэтым быў скасаваны візіт у Ярданію.

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн 18 кастрычніка прыбыў у Тэль-Авіў, каб «прадэманстраваць нязломную амерыканскую падтрымку Ізраіля ў вайне з ХАМАС». Ён плануе правесці перамовы і кансультацыі з мясцовымі ўладамі наконт наступных крокаў у барацьбе з тэрарызмам.

Air Force 1 з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам на борце павінен прызямліцца ў аэрапорце імя Бэн-Гурыёна аб 11:00, пасля чаго прэзідэнцкі картэж выедзе ў бок Тэль-Авіва, піша newsru.co.il.

Пра гэта напярэдадні паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер. Паводле ейных слоў, у далейшым у планах амерыканскага лідара - сустрэча з лідарамі арабскіх дзяржаў у Ярданіі.

Адзначалася, што Байдэн адправіцца ў сталіцу гэтай краіны Аман і сустрэнецца з каралём Абдалай II, а таксама прэзідэнтам Егіпта Абдзелем Фаттахам Ас-Сісі і лідарам Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам.

У той жа час СМІ праінфармавалі, што Ярданія скасавала запланаваную на 18 кастрычніка сустрэчу лідараў з прэзідэнтам ЗША. Прычынай стала траплянне напярэдадні ракеты па шпіталі ў Газе, у якой Аман абвінаваціў Ізраіль. Хаця ў Тэль-Авіве даказалі, што ўдар нанесла тэрарыстычная групоўка “Ісламскі джыхад”, якая падтрымлівае ў вайне ХАМАС.

“Я абураны і глыбока засмучаны выбухам у шпіталі Аль-Ахлі-Араб у Газе і жахлівай загубай людзей. Адразу пасля таго, як пачуў гэтую навіну, пагаварыў з каралём Абдалай II і прэм'ерам Ізраілю Нетаньяху і даручыў маёй групе нацыянальнай бяспекі працягваць збіраць інфармацыю аб тым, што менавіта здарылася. ЗША адназначна выступаюць за абарону жыцця цывільнага насельніцтва падчас канфлікту, і мы смуткуем па пацыентах, медыцынскім персанале і іншым невінаватым забітым ці параненым у гэтай трагедыі”, – у адказ напісаў Байдэн у сацсетцы X (Twitter).

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».