Карбалевіч: У Тэль-Авіве зафіксавалі момант сустрэчы Лукашэнкі з памагатым тэрарыстаў
- 18.10.2023, 11:42
- 12,556
Наступствы будуць.
Лукашэнка ўчора, 17 кастрычніка, прыняў у Менску віцэ-прэзідэнта Ірана Махамада Махбера.
Лукашэнка ніяк не пракаментаваў вайну ў Ізраілі, але зазначыў, што крызіс на Блізкім Усходзе спрыяе таму, што "непрыязныя заходнія краіны на чале з ЗША пастаянна накіроўваюць вастрыё гэтага канфлікту супраць Ірана".
Што важнага ў сустрэчы Лукашэнкі з віцэ-прэзідэнтам Ірана і ці паўплывае яна на гандлёвыя дачыненні Беларусі з Ізраілем, улічваючы, што Іран адкрыта падтрымаў дзеянні ХАМАС, «Салідарнасць» абмеркавала з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
- Тут я б звярнуў увагу на некалькі пунктаў. Па-першае, у сакавіку гэтага года Лукашэнка быў у Тэгеране, - кажа палітолаг у экспрэс-каментары “Салідарнасці”. - Там ён пра нешта дамовіўся з іранскім урадам, і візіт віцэ-прэзідэнта Ірана ў Беларусь быў у рэалізацыі ўсіх дамоўленасцяў, дасягнутых падчас той сустрэчы. Была таксама інфармацыя, што ў наступным годзе плануецца візіт у Беларусь прэзідэнта Ірана.
Па-другое, геапалітычная лінія разлому, якая зараз паглыбляецца ў свеце, вельмі моцна ўплывае на стасункі з тымі ці іншымі краінамі. Трэба звярнуць увагу, што зараз у Менск мала хто прыязджае, калі не ўлічваць расейскіх губернатараў і іншых прадстаўнікоў краін-выгнанак.
Карбалевіч звяртае ўвагу, што Іран з'яўляецца негалосным супольнікам Расеі ў яе вайне супраць Украіны, бо пастаўляе Расеі беспілотнікі. Акрамя таго, Іран адкрыта выступіў у падтрымку дзеянняў ХАМАС у Ізраілі ў адрозненне ад іншых арабскіх і мусульманскіх краін, якія праявілі больш асцярожнасці.
- І так супала, што візіт віцэ-прэзідэнта Ірана ў Беларусь адбыўся акурат у перыяд абвастрэння канфлікту ў Ізраілі. І гэта разбурае канцэпт нейтральнасці, які ўзяло на ўзбраенне беларускае палітычнае кіраўніцтва ў гэтым канфлікце.
І хаця пра канфлікт паміж Ізраілем і палестынцамі нічога на гэтай сустрэчы сказана не было, Лукашэнка падкрэсліў антыамерыканскую накіраванасць супрацоўніцтва Беларусі з Іранам.
Што да эканамічных дачыненняў паміж Беларуссю і Іранам і Беларуссю і Ізраілем, то палітолаг падае наступныя прыклады: паміж палітычным кіраўніцтвам Ірана і Беларусі даволі актыўныя сувязі. Лукашэнка быў сёлета ў Тэгеране, зараз прымае ў Беларусі віцэ-прэзідэнта Ірана, а ў наступным годзе чакаецца візіт прэзідэнта гэтай краіны.
Пры гэтым тавараабарачэнне паміж Беларуссю і Іранам летась склала блізу 100 мільёнаў даляраў.
Кантакты Беларусі і Ізраіля ж на ўрадавым узроўні невялікія: Лукашэнка ездзіў у Ізраіль адзін раз у 2000 годзе. Інфармацыі аб тавараабарачэнні паміж гэтымі краінамі за 2022 год няма, але ў 2021 годзе яно склала 125 мільёнаў даляраў, гэта значыць крыху больш, чым з Іранам.
- Гэта кажа аб тым, што кантакты на ўрадавым узроўні не занадта моцна ўплываюць на аб'ём гандлю.
Я думаю, што ў Ізраілі звярнулі ўвагу, што менавіта ў момант вострай фазы вайны Ізраіля з ХАМАСам Лукашэнка прыняў у Беларусі віцэ-прэзідэнта краіны, якая актыўна падтрымлівае ХАМАС. У што гэта можа выліцца, сёння сказаць цяжка, але я думаю, гэты момант у Тэль-Авіве зафіксавалі, - рэзюмуе Валерый Карбалевіч.