Пуціна прынізілі перад удзельнікамі форуму ў Пекіне
21- 18.10.2023, 11:54
- 22,686
Некалькі чалавек дэманстратыўна выйшлі з залі.
Перад прамовай крамлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў Пекіне (Кітай) на адкрыцці форуму "Адзін пояс - адзін шлях" некалькі еўрапейскіх чыноўнікаў дэманстратыўна пакінулі залу. Сярод іх быў былы прэм'ер-міністр Францыі Жан-П'ер Рафарэн.
Як піша Reuters, прэзідэнт РФ выступіў перад удзельнікамі мерапрыемства пасля кітайскага лідара Сі Цзіньпіна. Пуцін расхваліў ініцыятыву Пекіна "Адзін пояс - адзін шлях" і заявіў, што Паўночны марскі шлях можа паглыбіць гандаль паміж Усходам і Захадам і заслугоўвае інвестыцый.
У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 130 краін, у асноўным Глабальнага Поўдня. Адкрыццё правялі ў Доме народных сходаў у Пекіне.
Сі Цзіньпін, выступаючы перад публікай, выступіў супраць спроб Захаду зменшыць залежнасць ад кітайскай эканомікі. "Наша жыццё не стане лепшым, а нашае развіццё не будзе хутчэйшым, калі мы будзем разглядаць развіццё іншых краін як пагрозу, а эканамічную ўзаемазалежнасць - як рызыку", - заявіў кіраўнік КНР.
Ён таксама выступіў "супраць аднабаковых санкцый, эканамічнага прымусу, раздзялення і парушэння ланцужкоў паставак".
Хоць ініцыятыва "Адзін пояс - адзін шлях" першапачаткова была заклікана злучыць Кітай з Заходняй Еўропай, высокапастаўленыя прадстаўнікі ЕЗ адсутнічалі. Адзіным кіраўніком дзяржавы, які прысутнічаў ад блока, быў прэзідэнт Вугоршчыны Віктар Орбан. Іншым прыкметным удзельнікам стаў міністр гандлю адміністрацыі афганскіх талібаў Нурудзін Азізі.
Чакаецца, што на палях форуму ў сераду, 18 кастрычніка, Пуцін і Сі Цзіньпін правядуць паглыбленыя перамовы.