СБУ разбіла вайсковы лагер РФ каля аэрадрома «Халіна» ў Курскай вобласці
1- 18.10.2023, 12:05
- 7,806
Лагер атакаваў рой дронаў.
Служба бяспекі Украіны атакавала вайсковы лагер акупантаў ля аэрадрома «Халіна» ў Курскай вобласці. Зафіксавана не менш за 18 траплянняў дронаў.
Аб гэтым РБК-Украіна паведамілі крыніцы ў СБУ.
Як адзначаюць крыніцы, Служба бяспекі ўначы 18 кастрычніка атакавала палявы лагер расейцаў у сяла Заезныя двары. Там, непадалёк ад ваеннага аэрадрома "Халіна", размяшчаліся да 3 тысяч расейскіх вайскоўцаў і блізу 80 адзінак вайсковай тэхнікі.
У СБУ падкрэсліваюць, што дакладная колькасць варожых страт удакладняецца. Але паразы былі магутнымі, паколькі зафіксавана не менш за 18 траплянняў дронаў па лагеры.
“Усю ноч расейцы з навакольных вёсак абмяркоўвалі ў сацсетках гукі выбухаў. Хаця вельмі дзіўна, як яны іх маглі чуць, бо расейскія ўлады адрапартавалі, што СПА “збіла ўсе беспілотнікі” і “стратаў няма”, - адзначаюць крыніцы.
Што гэтаму папярэднічала
Гэтай ноччу жыхары Курскай вобласці ў сеціве пісалі аб магутных выбухах. Пазней расейцы заявілі аб нападзе дронаў.
Губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт запэўніваў, што ў Курскім раёне нібыта былі збітыя 6 беспілотнікаў, а яшчэ 4 «ліквідаваныя» сістэмы РЭБ.
Міністэрства абароны Расеі таксама спрабавала апраўдаць выбухі. У Шайгу заявілі, што нібыта былі збітыя 28 дронаў над Курскай, Белгарадскай абласцямі і над Чорным морам.