Расея за ўладай Пуціна стала сусветным лідарам у колькасці палітычных атручванняў
3- 19.10.2023, 19:59
- 4,230
Паляванне на шматлікіх ахвяр вядзецца ў Еўропе.
У аніводнай краіне ўлада так актыўна не спрабуе прыбіраць палітычных апанентаў з дапамогай атруты, як у Расеі. Прычым нярэдка іх пераследуюць і за мяжой. Такія вынікі даследавання, праведзенага Глабальным праектам у вывучэнні палітычных атручванняў.
У дакладзе прааналізаваныя 77 выпадкаў за апошнія 90 гадоў, у якіх ёсць дастаткова інфармацыі аб атручваннях, сімптомах, атрутах і інш. Сафія Браўдэр, заснавальніца Poisonreporting.org, падкрэслівае, што ўлічваюцца толькі выпадкі атручвання актывістаў, якіх можна ўважаць за палітычных апанентаў рэжыму (у адрозненне ад злачынстваў крымінальнага або бытавога характару). Многія такія выпадкі застаюцца невядомымі, асабліва ў краінах з аўтарытарнай уладай і дыктатурах. Напрыклад, усяго два зафіксаваныя выпадкі ў Кітаі гавораць аб тым, што публічнай інфармацыі аб такім спосабе расправы з апанентамі проста няма.
Акрамя таго, у некаторых выпадках вызначыць, што чалавек быў атручаны, удаецца, толькі калі ён апынуўся ў іншай краіне, дзе няма перашкод для вывучэння яго стану і публікацыі адпаведнай інфармацыі. Такі, напрыклад, выпадак Аляксея Навальнага, які адчуў сябе дрэнна ў Расеі і там жа атрымаў першую дапамогу, але вызначыць, што ён атручаны «навічком», удалося толькі пасля таго, як палітык быў дастаўлены ў шпіталь у Нямеччыне.
Цягам ХХ стагоддзя ў свеце фіксаваўся максімум адзін выпадак у асобныя гады, але ў XXI-м нярэдка адбывалася па некалькі атручэнняў на год некалькі гадоў запар. Асабліва значны рост адзначаецца ў 2004—2006 гг. (па пяць кожны год). Акурат у 2006 г., напрыклад, у Лондане памёр былы супрацоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка. Расследаванне і праведзены па яго выніках суд у Вялікай Брытаніі паказалі, што Літвіненка быў атручаны палоніем-210 у выніку спецаперацыі ФСБ, якую, відаць, санкцыянаваў Уладзімір Пуцін.
У дакладзе гаворыцца:
Рост колькасці зафіксаваных выпадкаў можа быць наўпрост звязаны з атручэннямі, арганізаванымі Расеяй пасля прыходу да ўлады ў 1999 г. Пуціна, які стаў выкарыстоўваць атруту, у мінулым адметны інструмент КДБ, для падаўлення апанентаў.
Агулам у Расеі было ўчынена 18 палітычных атручванняў. Паводле складзенай базы звестак выразна відаць, што «Расейская Федэрацыя выкарыстоўвае атручэнне як метад забойства часцей, чым кожная іншая дзяржава, і што паляванне на многіх ахвяр вядзецца ў Еўропе». Гэтым, прынамсі, тлумачыцца тое, што Вялікая Брытанія займае 2-е месца па колькасці выяўленых выпадкаў - 10. Акрамя Літвіненкі гэта, напрыклад, гісторыя з Сяргеем Скрыпалём і яго дачкой.
Яшчэ пяць выпадкаў зафіксаваныя ў Нямеччыне, па два - у Францыі, Швэйцарыі і Украіне (з Віктарам Юшчанкам у перыяд, калі ён змагаўся за пасаду прэзідэнта).
Пераслед расейскімі спецслужбамі апанентаў рэжыму Пуціна працягваецца. Пра тое, што яе спрабавалі атруціць, улетку таксама распавяла былая журналістка «Новой Газеты» Алена Касцючэнка: з яе слоў, гэта здарылася ўвосень 2022 г., калі яна прыехала ў Нямеччыну пасля камандзіроўкі ва Украіну.