Жыхар ЗША прыляцеў у Беларусь з $30 тысячамі і патрапіў пад «крыміналку»
10- 19.10.2023, 20:06
- 16,914
Пасля гэтага ён з'ехаў з краіны, але праз два гады яго затрымалі.
Мужчына, які некалькі гадоў жыў у ЗША, спрабаваў завезці ў Беларусь без дэкларавання 30 тысячаў даляраў. Яму прад'явілі абвінавачанне ў кантрабандзе валюты, піша агенцтва «Менск-Навіны».
Абвінавачаны – 39-гадовы мужчына, які некалькі гадоў жыве ў ЗША і працуе ў буйной будаўнічай кампаніі. Госць сталіцы прыляцеў у Беларусь да свайго сябра. На мяжы ён расказаў мытнікам, што ў яго пры сабе невялікая сума, аднак падчас надгляду ягоных рэчаў былі знойдзеныя незадэклараваныя 30 тысячаў даляраў. Грошы фігурант схаваў у торбах.
У адпаведнасці з мытным заканадаўствам без мытнага дэкларавання дазволена правозіць не больш за 10 тысячаў даляраў, таму «лішнюю» наяўнасць канфіскавалі, а ў дачыненні да гаспадара грошай пачалі крымінальную справу за кантрабанду валюты.
Пад варту мужчыну не бралі і на наступны дзень ён з’ехаў з Беларусі. Толькі праз два гады аператыўнікі затрымалі падазраванага. Як, дзе і калі мужчына трапіўся, у публікацыі не ўдакладняецца.
Затрыманага ўзялі пад варту. Яму пагражае штраф, абмежаванне волі або да пяці гадоў калоніі.