У Новай Баравой дзяўчынка зладзіла вострасюжэтную пагоню за зайцам і насмяшыла інтэрнэт
13- 19.10.2023, 20:16
- 11,310
Відэахіт.
Беларусы прадаўжаюць сутыкацца з дзікімі жывёламі ў гарадах. Часта людзі палохаюцца такіх сустрэчаў, але часам страху могуць нацярпецца і самі звяры. Так, у Менску дзяўчынка зладзіла ў двары пагоню за лясным зайцам – зыход супрацьстаяння застаецца адкрытым, а знятае суседзямі відэа разышлося па сетцы.
Ролік знялі ў менскім мікрараёне Новая Баравая і выклалі ў мясцовы паблік. На відэа маленькая дзяўчынка захоплена пераследуе зайца, які ўцякае ад яе праз увесь двор у кусты, піша «Люстэрка».
video controls="" autoplay="" name="media">
– А-а-а-а! У атаку! За зайцам! – крычыць школьніца, спрабуючы дагнаць перапалоханую жывёліну.
– Заяц – воўк, заяц – воўк, – са смехам каментуе за кадрам аўтар відэа, успомніўшы савецкі мультык «Ну, пачакай!».
Чым скончылася пагоня – невядома: здаецца, заяц усё ж здолеў схавацца за дэкаратыўнымі насаджэннямі, але дзіця гэтым зусім не збянтэжанае і прадаўжае пераслед.
Нагадаем, сёлета жывёлы сталі частымі гасцямі населеных пунктаў – і зоркамі сацсетак. Напрыклад, нядаўна ў вёсцы пад Гомелем аб'явіўся алень. Нетаропка прайшоўшыся па вясковай вуліцы, ён схаваўся ў лесе. А ў Менску непадалёк ад МКАД шпацыраваў лось.
Жыхары Жыткавіцкага раёна восенню некалькі разоў сустракаліся з бурымі мядзведзямі. Яны не нападалі на людзей, але «бамбілі» вуллі, лазілі па дрэвах і разрабавалі магілы. Бачылі іх у іншых месцах Беларусі.
А ў Гародні заўважылі лісу, якая ўмудрылася забрацца на дах кінатэатра «Кастрычнік».