Беларус прыдумаў новую настольную гульню
- 19.10.2023, 20:54
- 5,856
У чым яе сутнасць.
Беларус Віктар стварыў настолку, якую называе «джэнгай для інтравертаў». Яе на рэалізацыю ўжо ўзяў прадстаўнік аднаго з найбуйнейшых вытворцаў настольных гульняў у СНД. Гісторыю стварэння гульні Віктар расказаў у інтэрв'ю Onliner.
Праца над настолкай пачалася з сяброўскай прапановы:
– Мой прыяцель задаў задачку: а што калі б трэба было прыдумаць фігуркі, дзе першыя тры клаліся б адна на адну спакойна, а далей пачынаўся б люты хардкор? Вось і ўсё тэхзаданне.

Я заразіўся гэтай думкай і тры дні не выпускаў яе з галавы. Хацелася знайсці ключык. Спачатку прыдумаў нешта складанае – пачаў спрашчаць. А што самае простае? Ну, фіксаваная форма, правільныя геаметрычныя целы. Спіраль Фібаначы. І я прыйшоў да элегантнай формулы, вакол якой геаметрыя фігурак і будуецца, – апавядае стваральнік настолькі Fibo.

Задача гульца – выбудаваць як мага больш высокую вежу з фігурак. Але яму замінае і гравітацыя, і няпэўныя рукі.
– Фігуркі саслізгваюць, трэба шукаць патрэбныя куты, каб канструкцыя ўтрымалася. Мы сярод сяброў называем гэтую гульню «Dark Souls ад свету настольных гульняў». Яна карае за кожны няправільны ўдых. Ледзь рука завагалася – і ўсё разбураецца, – кажа Віктар.
Сам стваральнік гульні пакуль не пабудаваў у шэраг больш за дваццаць фігурак. І кажа, што пры ім яшчэ ніхто не спраўляўся лепей.
– Fibo – гэта «Джэнга» для інтравертаў і аматараў цішыні. У яе цікава гуляць нават аднаму. А «Джэнга», асабліва ў кампаніі, ездзіць па вушах. Мне як аматару чагосьці ўпарадкаванага не падабаецца, калі нешта грукоча і стукае. І вось Fibo не грукоча і на пальцы не падае, яна робіць балюча інакш.