Магілёў «атакаваў» вялізны табун коней
46- 21.10.2023, 17:30
- 23,204
Выправіць іх міліцыя пакуль не можа.
У мікрараёне Юбілейным у Магілёве сёння зранку заўважылі табун коней самапасам. Як паведамляюць відавочцы, перабягаючы дарогу, яны ўжо пашкодзілі аўтамабіль. Жыхары выклікалі міліцыю, але зрабіць пакуль ніхто нічога не можа. Пра сітуацыю апавядае выданне «Могилев.Онлайн».
Табун сфатаграфаваў карэспандэнт — як піша выданне, прыкладна з 7 гадзін раніцы коні бегаюць па праезнай частцы і мастах. Агулам налічылі 22 дарослыя коні і дваіх жарабят. Відэа з імі дзеляцца і самі жыхары места.
«Кажуць, што, перабягаючы дарогу, яны ўжо пашкодзілі аўтамабіль дарожнікаў, — паведамляе выданне. — Таксама чытачы кажуць, што ўжо выкліканая міліцыя, але зрабіць пакуль ніхто нічога не можа».
Мяркуючы са здымкаў, частка жывёлін пасвіцца проста побач з жылымі дамамі, а тутэйшыя жыхары пачалі іх падкормліваць.


Шматлікія фота і відэа з канямі публікуюць і іншыя мясцовыя рэсурсы — ніжэй відэа тэлеграм-канала «Магілёў. Галоўнае!».
«Трэба сказаць, што, хоць коней у Магілёве заўважаюць рэгулярна, табун такога памеру — з'ява ўсё-такі нячастая, - піша «могилевонлайн». - Далёка не ўсім гараджанам даспадобы такое відовішча, аднак нічога зрабіць з магілёўскімі конегадоўцамі пакуль не выходзіць. Гаспадароў коней высветліць, зазвычай, не выпадае, і праз нейкі час коні самі вяртаюцца дадому, адкуль прыйшлі. А потым ізноў прыходзяць на магілёўскія вуліцы. І так з паўторам».