21 кастрычнiка 2023, Субота, 22:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Вялікая авантура Лукашэнкі з грукатам ляснулася

2
Валер Карбалевіч: Вялікая авантура Лукашэнкі з грукатам ляснулася
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ

Гісторыя хібаў дыктатара на «далёкай дузе».

Эканамічныя праекты ў стасунках Беларусі з Вэнэсуэлай ды Іранам грунтаваліся не на практычнай выгадзе, не на камерцыйных разліках, а на палітычных дамоўленасцях, на асабовых стасунках паміж кіраўнікамі. Таму і зазналі крах, піша беларускі палітолаг Валер Карбалевіч:

- Так супала, што ў адзін дзень 17 кастрычніка ў Менск з візітамі прыляцелі першы віцэ-прэзідэнт Ірана Магамад Мохбэр і міністр замежных спраў Вэнэсуэлы Іван Хіль Пінта. Яны сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам, іншымі беларускімі чыноўнікамі.

Лукашэнка пры сустрэчы з кіраўніком МЗС Вэнэсуэлы сказаў шматзначную фразу: "Узаемадзеянне паміж краінамі стала на паўзу… Нам трэба перагледзець усе тыя кірункі і пытанні супрацоўніцтва, якія мы вызначалі яшчэ з часоў Уга Чавэса". А вэнэсуэльскі міністр канстатаваў: "Мы дамовіліся з Беларуссю аб пераладаванні стасункаў у эканоміцы і прамысловасці".

Але рэвізія і пераладаванне патрэбныя толькі ў тым выпадку, калі ранейшая мадэль стасункаў выявілася няўдалай. Гэта ў роўнай ступені мае дачыненне да стасункаў Беларусі і з Вэнэсуэлай, і з Іранам.

Супрацоўніцтва Беларусі з гэтымі дзяржавамі грунтавалася на ідэі вымантачыць грошы з міжнародных выгнанцаў, якія знаходзяцца ў варожых стасунках з ЗША, захапляюцца антыімперыялістычнай рыторыкай і маюць нафтадаляры. Да таго ж Іран і Вэнэсуэла шчодра фундавалі ідэалагічна блізкія рэжымы і палітычныя рухі. На гэта і быў разлік.

Абмен візітамі, дэкларацыі аб палітычнай падтрымцы адзін аднаго, размовы аб стварэнні нейкай антыамерыканскай восі суправаджаліся распрацоўкай супольных эканамічных праектаў. Аднак гэтыя праекты грунтаваліся не на эканамічным інтарэсе, не на камерцыйных разліках, а на палітычных дамоўленасцях, на асабовых стасунках паміж прэзідэнтамі, паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Вэнэсуэлы Угам Чавэсам, а таксама паміж кіраўніком Беларусі і прэзідэнтам Ірана Махмудам Ахмадынэжадам. Эканоміка дапасоўвалася да палітычных задач. А ў такім варыянце супрацоўніцтва эканамічная мэтазгоднасць адыходзіла на другі план. Ёсць падставы меркаваць, што камерцыйную выгаду шматлікіх супольных праектаў ніхто проста не разлічваў. Усе чыноўнікі, кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў абедзвюх старон проста выконвалі наказы кіраўнікоў дзяржаў.

Праекты стартавалі пад гучную прапагандысцкую кампанію. Асабліва яскрава гэта выявілася ў стасунках Беларусі і Вэнэсуэлы. Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавэс не маглі нарадавацца, што набылі адзін аднаго ў якасці хаўруснікаў, "братоў розуму". Прэзідэнты Вэнэсуэлы сем разоў наведвалі Беларусь (пяць разоў Уга Чавэс і два разы Нікалас Мадура). Беларускі кіраўнік здзейсніў візіт у Каракас чатыры разы (апошні раз— у 2013 годзе, на пахаванне Уга Чавэса). Афіцыйныя асобы ўрачыста вяшчалі пра вялізныя перспектывы двустаронняга супрацоўніцтва. У дзяржаўных мэдыях гэта суправаджалася прапагандысцкімі песнямі і скокамі з бубнамі. Афіцыйныя палітолагі на БТ расказвалі, што Вэнэсуэла з'яўляецца для Беларусі вялізнай брамай, праз якую мы заваюем лацінаамэрыканскі рынак. Вянцом гэтага дзіўнага неэканамічнага супрацоўніцтва стаў фантастычны праект паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь, які спецыялісты разглядалі як камерцыйны кур'ёз.

Праз пэўны час высвятлялася, што за сяброўства нехта мае плаціць. Пачалі лічыць грошы. А потым выявілася, што сур'ёзных эканамічных разлікаў ніхто не рабіў. І ўсе гэтыя палітычныя ўмовы не мелі рэальнай эканамічнай базы.

Неўзабаве надзьмутыя бурбалкі пачалі лопацца. Напрыклад, крах вэнэсуэльскага праекту быў грандыёзным. Ён суправаджаўся крахам эканомікі і дзяржаўнага кіравання Вэнэсуэлы. Усё гэта была адна вялікая авантура, якая цяпер з грукатам ляснулася.

Раз эканамічныя стасункі ў значнай меры грунтаваліся на бартэрнай базе, то цяпер стораны высвятляюць, хто каму і колькі вінен. Паводле ацэнак экспертаў, вэнэсуэльская старана завінавацілася Беларусі блізу $500 млн. У сваю чаргу Беларусь не расплацілася за пастаўленую нафту, і запазычанасць складае $1,5 млрд.

У выніку ўзаемнае таварнае абарачэнне паміж Беларуссю і Вэнэсуэлай у 2010—2011 гадах дасягала $1,3 млрд, а пад 2019 год упаў да $0,43 млн.

Нешта падобнае адбылося і ў беларуска-іранскіх стасунках. Спачатку пацярпела крах авантура з будаўніцтвам у Абчаку пад Менскам завода для вырабу іранскіх аўтамабіляў "Саманд", бо попыту на гэтыя легкавікі не было. Следам закончыўся няўдала і супольны праект здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафаір. Тое ж самае можна сказаць і аб планах пабудаваць у беларускай сталіцы комплекс "Магніт Мінск" каля Нацыянальнай бібліятэкі, гатэль недалёка ад Нямігі, шматфункцыйны комплекс на пляцоўцы былога Чэрвеньскага рынку.

Таварнае абарачэнне паміж Беларуссю і Іранам упала пад 2020 год да нягеглых $20 млн. Але за апошнія два гады стала павялічвацца. У 2022 вырасла да $100 млн.

Новаму этапу супрацоўніцтва паміж Менскам і Тэгеранам спрыяе той факт, што Беларусь і Іран з'яўляюцца фактычна вайсковымі хаўруснікамі Расеі ў вайне супраць Украіны. Іранскія беспілотнікі выкарыстоўваюцца расейскім войскам у масавым парадку.

Беларусь, Расея і Іран знаходзяцца пад жорсткімі заходнімі санкцыямі. І гэта таксама падштурхоўвае гэтыя тры краіны да супрацоўніцтва, да стварэння супольных схем, якія дапамагаюць абысці санкцыйны ціск.

Ёсць адзін далікатны момант. Іран з'яўляецца фактычна адзінай дзяржавай, якая падтрымала дзеянні ХАМАС супраць Ізраіля. А Беларусь і Расея афіцыйна пазіцыянуюць сябе як нейтральныя ў стасунках да блізкаўсходняга канфлікту. Але беларуская старана, калі меркаваць з публічнай часткі перамоў, абышла гэтую тэму.

На гэтых прыкладах мы можам толькі канстатаваць, што ў рэвізіі ды пераладаванні маюць патрэбу шмат якія сфэры замежнай палітыкі Беларусі, дый не толькі замежнай.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».