Пад Смалявічамі адбылося сур'ёзнае ДТЗ
4- 21.10.2023, 15:40
- 8,966
Загінула дзіця.
Электрамабіль Volkswagen занесла, і ён перакуліўся каля вёскі Багуты Смалявіцкага раёна. У выніку здарэння загінула трохгадовая дзяўчынка, ейныя бацькі ў шпіталі, піша «Мінская праўда» са спасылкай на ДАІ.
Здарэнне адбылося раніцай 20 кастрычніка. Электрамабіль Volkswagen ехаў у кірунку вёскі Аколіцы. У ім знаходзіліся сям'я з дзіцем. Пры стырне быў бацька.

Паводле інфармацыі ДАІ, на закругленні дарогі "кіроўца няправільна абраў хуткасць і не ўлічыў метэаралагічныя варункі". Аўтамабіль занесла, ён з'ехаў на штучнае ўзвышша і перакуліўся.
Пацярпелых даставілі ў шпіталь, аднак выратаваць жыццё дзіцяці лекары не здалелі — дзяўчынка памерла.
Паводле няспраўджаных пакуль звестак, яна знаходзілася ў дзіцячым крэсле, аднак не была прышпіленая пасамі бяспекі, паведамляе выданне.
