Зяленскі і Эрдаган правялі тэлефонную размову
1- 21.10.2023, 17:36
- 4,986
Пра што ішла размова?
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову са сваім турэцкім калегам Раджэпам Таіпам Эрдаганам.
«Уніян» са спасылкай на прэс-службу турэцкага прэзідэнта адзначае, што кіраўнікі дзвюх краін абмеркавалі вайну ва Украіне, а таксама «канфлікты паміж Ізраілем і Палестынай і гуманітарны крызіс у рэгіёне».
У дыялогу з Зяленскім Эрдаган выказаў упэўненасць у магчымасці мірнага ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў, прынамсі, ізраільска-палестынскага. Ён адзначыў, што Турцыя будзе прыкладаць да гэтага намаганні.
У прэс-службе ўкраінскага прэзідэнта дадалі, што бакі таксама абмеркавалі ўкраінскую формулу міру. «...свет павінен прыкладаць намаганні для падтрымкі імплементацыі ўкраінскай формулы міру. Голас і пазіцыя Турцыі ў гэтым важныя», - сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны выказаў падзяку Турцыі за ўдзел у папярэдніх кансультацыях на ўзроўні дарадцаў па нацыянальнай бяспецы і гатоўнасць накіраваць прадстаўніка на чарговую сустрэчу, якая адбудзецца на Мальце.
Таксама кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмеркавалі развіццё двухбаковых стасункаў і адзначылі важнасць рэалізацыі ўсіх дамоўленасцей, дасягнутых у час апошняй сустрэчы прэзідэнтаў у Стамбуле.
Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі і Раджэп Таіп Эрдаган абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе і прыйшлі да згоды аб неабходнасці забяспечыць абарону мірнага насельніцтва і павагу да гуманітарнага права.
«Украіна добра разумее, што такое вайна і мірныя ахвяры. Таму мы катэгарычна асуджаем усе тэрарыстычныя метады і гвалт і выступаем за прадухіленне далейшай эскалацыі», - падкрэсліў Зяленскі.