Што адбываецца на Жлобінскім БМЗ?
7- 21.10.2023, 22:20
- 12,524
Асноўны пастаўшчык расейскага металалому спыніў пастаўкі прадпрыемству.
У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь праходзіць разгляд у касацыйнай інстанцыі серыі спраў аб распачынанні загаднай справы і спагнанні пазык з ААТ «Беларускі металургічны завод - кіроўная кампанія холдынгу БМК». Пазоўнікам з'яўляецца расейскае акцыянернае таварыства «Псковвтормет», піша «Флагшток».
«Псковвтормет» з'яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў металалому для БМЗ. Кампанія валодае паркам чыгуначных паўвагонаў для транспартавання лому. Дастаўка лому для патрэб БМЗ на паўвагонах «Псковвтормета» ажыццяўляецца з сямі заходніх абласцей Расейскай Федэрацыі.
Узаемастасункі паміж «Псковвторметом» і БМЗ будаваліся наступным чынам. Расейскія пастаўшчыкі металалому набывалі чыгуначныя вагоны «Псковвтормет» і загрузіўшы іх сыравінай, адпраўлялі ў Жлобін. У сваю чаргу БМЗ браў на сябе абавязацельства прымаць вагоны і загружаць прадукцыяй у бок Расейскай Федэрацыі.

Цяпер прайсы на пастаўку прадукцыі ў Жлобін на сайце «Псковвтормет» адсутнічаюць, што можа сведчыць аб тым, што пастаўка металалому на БМЗ спыненая.
БМЗ заўсёды залежаў ад расейскага металалому, які складаў больш за палову ўсіх паставак. Сітуацыя істотна змянілася ў 2022 годзе. Наведваючы летась Жлобін, намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў паведаміў, што цяпер 70% патрэбнасці завода ў металаломе закрывае «Белдругасчормет».
Малаімаверна, што аб'ёмы нарыхтоўкі металалому ў Беларусі маглі значна павялічыцца за кароткія тэрміны. А гэта значыць, што ранейшай патрэбнасці ў металаломе ў БМЗ ужо няма, таму надзейныя партнёрскія ўзаемастасункі з «Псковвторметом» цяпер для прадпрыемства не маюць вялікага значэння.