Палітолаг: Лукашэнка атрымаў «чорную пазнаку» сусветнага маштабу
21- 3.10.2023, 9:06
- 28,236
Дыктатар і яго асяроддзе сур'ёзна нервуюцца.
Беларускія ўлады працягваюць запэўніваць у сваім «выключным гуманізме», зрэшты, што да вывазу «на аздараўленне» ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.
Абвінавачанні ў суўдзеле ў прымусовай і незаконнай дэпартацыі падмацаваліся рэакцыяй міжнародных структур: Еўрапарламент у нядаўняй рэзалюцыі аб Беларусі заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі.
І хоць спачатку афіцыйны Менск зрабіў выгляд, быццам усё гэта яго мала турбуе і дзейнасць па «аздараўленні» дзяцей працягнецца, наступныя крокі засведчылі, што беларускія ўлады разумеюць: цень Гаагі не такі ўжо ўяўны і для іх вельмі непрыемны.
У канцы верасня 2023 г. МЗС РБ правяло брыфінг для замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Беларусі. Больш за тое, прадстаўнікоў замежных пасольстваў запрасілі асабіста наведаць «месцы адпачынку дзяцей» і пагутарыць з імі і суправаджаючымі.
Кіеў неўзабаве адрэагаваў на гэтыя захады: МЗС Украіны ў сваім афіцыйным каментары заклікала замежных дыпламатаў «устрымацца ад удзелу ў прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму». Як мяркуецца, гэты дыпламатычны візіт павінен адбыцца ўжо 4 кастрычніка, калі замежным паслам арганізуюць сустрэчу з дзецьмі, якія былі вывезеныя з акупаваных Расеяй Лісічанска і Серадараданецка.
Акрамя таго, у ведамстве нагадалі, што работа па прыцягненню да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей, працягнецца як на ўзроўні нацыянальнага расследавання, так і ў рамках даследавання Міжнароднага крымінальнага суда.
Чым гэта абернецца для Лукашэнкі і як яго асяроддзю давядзецца напружвацца, «Филин» абмеркаваў з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.
- Думаю, нічога добрага з гэтага не будзе, - ацэньвае эксперт захады беларускага рэжыму. - Бо ўсе мы разумеем, што дзеці не маглі самі вызначаць, дзе ім знаходзіцца.
Пазіцыя беларускай улады (як, дарэчы, і расейскай) палягае ў тым, каб расказваць — мы, маўляў, проста вывезлі дзяцей з зоны баявых дзеянняў, і ўсе яны могуць вярнуцца назад. Але баявыя дзеянні пачаліся з чаго? З расейскай агрэсіі, з нападу на суседнюю краіну. І пра гэта ніхто ва Украіне не забыўся. Гэтак жа як не забыліся, адкуль менавіта быў нанесены актыўны ваенны ўдар - гэта была тэрыторыя Беларусі.
Я думаю, замежныя дыпламаты ў тым ліку дакладна разумеюць гэтую сітуацыю, і будуць дастаткова актыўна дзейнічаць у тым кірунку, каб змагацца за вяртанне ўкраінскіх дзяцей дадому.
Зрэшты, прапановы прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто мае дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей, прагучалі ўжо некалькі месяцаў таму, аднак іх практычная рэалізацыя запатрабуе нямала часу.
— Магчыма, у Менску акурат на гэта разлічваюць: маўляў, пагавораць-пагавораць пра Гаагу і ордэр ад МУС, ды супакояцца? Ці гэта той выпадак, калі пераседзець не атрымаецца?
- Мяркую, ёсць істотныя адрозненні паміж дзеяннямі Пуціна, які адкрыта, на камеры, меў стасункі, ладзіў працоўныя сустрэчы з Львовай-Бяловай, і дзеяннямі Лукашэнкі, у якога пытаннямі дзяцей займаецца паралімпіец Талай, - адзначае палітолаг.
Ступень наўпроставай віны Лукашэнкі значна меншая, чым тое, што робіць Пуцін. Але абсалютна відавочна, што Міжнародны крымінальны суд зважае і на дзеянні беларускага рэжыму ў гэтым кірунку.
Натуральна, што гэта нервуе Лукашэнку — і, адпаведна, нервуе беларускае МЗС, якое ўжывае адпаведныя захады.
Узгадайце, Лукашэнка ж заўсёды казаў пра «тры брацкія народы». А цяпер ён фактычна сам разбурае дэклараванае «трыадзінства», аддаючы перавагу Расеі і дзейнічаючы супраць Украіны - і выглядае ў гэтай сітуацыі акурат здраднікам.
А яшчэ справа ў тым, што тэма дзяцей вельмі далікатная. Успомнім: пасля выдачы ордэра на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай - Пуцін жа нікуды не ездзіў, у аніводную краіну. Ды і пра «ўпаўнаважаную ў справах дзяцей» цяпер вельмі мала гавораць у публічнай прасторы. Бо ордэр на арышт за прымусовы вываз дзяцей - фактычна, гэта «чорная пазнака» насамрэч сусветнага маштабу. І абсалютна ўсе, уключаючы Пуціна і Лукашэнку, гэта дакладна ўсведамляюць.