Мінабароны Беларусі абвясціла «спецыяльны збор» вайсковаабавязаных
9- 3.10.2023, 9:52
- 11,696
Для паверкі мабілізацыйнай гатоўнасці.
Міністэрства абароны Беларусі абвясціла аб пачатку штогадовых заняткаў па мабілізацыйнай гатоўнасці, якія пройдуць па ўсёй краіне. Іх асаблівасцю стане аднадзённы збор для вайсковаабавязаных, якіх навучаць асновам і парадку дзеянняў падчас фармавання тэрытарыяльных войскаў.
Стартуюць заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці ўжо ў аўторак, 3 кастрычніка, і працягнуцца да пятніцы, 6 кастрычніка. Кіраваць мерапрыемствамі ў рамках вучэнняў будуць старшыні абласных выканаўчых камітэтаў, паведамілі ў Мінабароны.
Як растлумачылі ў ведамстве, галоўнай мэтай сёлетніх вучэнняў стане «павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фармавання тэрытарыяльных войскаў».
«Асаблівая ўвага будзе ўдзеленая падрыхтоўцы вайсковаабавязаных, якім у рамках аднадзённага збору будуць даведзеныя асновы і парадак дзеянняў падчас фармавання тэрытарыяльных войскаў», - заявілі ў Мінабароны.
Плануецца, што ва ўсіх адміністрацыйных раёнах правядуць як тэарэтычныя, так і практычныя мерапрыемствы з удзелам службовых асоб выканкамаў, а таксама вайсковых камісарыятаў і адміністрацый пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў.
Нагадаем, напярэдадні Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні палкоўніка Андрэя Расюка начальнікам галоўнай арганізацыйна-мабілізацыйнай управы. Гэтая вакансія заставалася свабоднай з 14 жніўня.