УСУ перахапілі «Іскандэр» у небе над Дняпром
- 3.10.2023, 10:05
- 5,896
Адбіты масаваны паветраны напад РФ з Крыма.
У ноч на 3 кастрычніка Крэмль атакаваў дронамі і ракетамі тры вобласці Украіны: Херсонскую, Днепрапятроўскую і Мікалаеўскую. Былі як перахопы і знішчэнні, так і прылёты.
Кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак паведаміў, што сіламі СПА збіта 13 дронаў-камікадзэ і адна ракета тыпу «Іскандэр-К».
Праз абломкі ракет пачаўся пажар у Дняпры на адным з прыватных прадпрыемстваў. Таксама загарэўся гараж і аўтамабіль. Сіламі пажарных агонь удалося вельмі хутка затушыць.
А вось у Паўлаградзе ёсць прылёты па адным з прадпрыемстваў. Пацярпелі два вытворчыя будынкі. Інфармацыя аб пацярпелых пакуль не паступала.
16 дронаў-камікадзэ былі збітыя ў небе над Мікалаеўскай вобласцю. Усяго ж вораг запусціў па тэрыторыі Украіны 31 дрон-камікадзэ і адну крылатую ракету «Іскандэр-К». Усё было запушчана з тэрыторыі акупаванага Крыма.
Ракету запусцілі з Джанкоя, а дроны - з мыса Чауда. Паветраная трывога доўжылася 3,5 гадзіны. Пазней да гэтых трох абласцей была падключаная і Запарожская вобласць, аднак не толькі праз пагрозу дронаў-камікадзэ, але і праз варожую авіяцыю, якая паднялася ўначы ў неба.