«Дык для Лукашэнкі цяпер і пад Магілёў з'ездзіць - любата»
7- 3.10.2023, 11:31
- 9,018
Геаграфія паездак беларускага дыктатара заўважна скарацілася.
Раніцай у пятніцу зазірнуў у навіны - і ахнуў, піша чытач сайта Charter97.org Леанід з Магілёва.
Да нас на Магілёўшчыну надумаў зазірнуць драздоўскі дыктатар!
Ну так, пакуль надвор'е, дык чаму б і не паездзіць з усімі выгодамі? Абраны народам законны прэзідэнт незалежнай Беларусі мог бы здзейсніць візіт і ў Кіеў, і ў Парыж, і ў Рым. Узурпатара ж прымаюць у апошні час хіба што ў Маскве, ну, можа, яшчэ недзе ў Цэнтральнай Азіі. Дык для Лукашэнкі цяпер і пад Магілёў з'ездзіць — любата (ну, зрэшты, там сёння цёпла як у Рыме).
А пра што ж была гаворка падчас той паездкі? А пра тое, што ў нас усё добра. А калі нешта не вельмі добра - то гэтыя дробныя промахі будуць ліквідаваныя ў наступным годзе, якому ўжо і назву прыдумалі.
Паспрабаваў я ўспомніць, а гэты год пад якой назвай праходзіць. Добра інтэрнэт заўсёды гатовы дапамагчы: 2023-ты быў абвешчаны Годам міру і стварэння, як выявілася. Ну, тут проста класічны Оруэл! Бо сёлета ў нашай краіне панавалі насамрэч вайна і разбурэнне: вайна з беларускім грамадствам і далейшае разбурэнне базавых нормаў права і маралі.
Ну а якую ж назву маюць намер даць 2024-му году? Ды проста шыкоўную - Год якасці! І хто ж тую якасць павінен забяспечыць? Няўжо маладыя спецыялісты, якім пагражае пяць гадоў прыгону?
Вось што лукашысты навучаліся як трэба рабіць, дык гэта здзекавацца з беларусаў. За гэта «дасягненне» могуць узнагародзіць сябе знакам якасці, нават не чакаючы наступнага года.