Расейскія турысткі паскардзіліся на «прыніжэнне» ў Японіі, але ў РФ іх высмеялі
7- 3.10.2023, 14:17
- 16,316
Расеек у аэрапорце затрымалі японскія мытнікі.
Дзве расейскія турысткі-пенсіянеркі паскардзіліся на тое, што іх нібыта «прынізілі» ў аэрапорце Японіі. Жанчын затрымалі японскія мытнікі падчас рэгістрацыі на рэйс, які вылятае з Токіё ў Сеул. Грамадзянак РФ завялі ў асобны пакой і ўчынілі ператрус.
Пра гэта адна з турыстак распавяла прапагандысцкаму профільнаму выданню Tourdom.ru. Зрэшты, расейцы спачуваць суайчынніцам не сталі. Яны заўважылі, што пенсіянеркі парушылі правілы краіны, так што скардзіцца на «прыніжэнне» яны не бачаць сэнсу, піша obozrevatel.com.
Так, японскія мытнікі, са слоў адной з расеек, закрылі іх у асобным пакоі і прымусілі выкласці ўсю наяўную пры сабе валюту.
«Пералічылі ўсе грошы, у тым ліку рублі, паўднёвакарэйскія воны і кіргізскія самы, праверылі нават унутранасць валізак», - распавяла жанчына.
Турыстак прымусілі падпісаць дэкларацыю і нават запоўнілі на адну з іх пратакол, бо расейка вывозіла з Японіі больш за 2000 даляраў.
Расейскія турысткі-пенсіянеркі паскардзіліся на прыніжэнне ў аэрапорце Японіі праз санкцыі, але расейцы іх высмеялі
«Гэта было зневажальна. Мытнікі спасылаліся на ўведзеныя санкцыі аб забароне вывазу валюты ў РФ. Праўда, праз 2 гадзіны адпусцілі, грошы вярнулі, мусіць, праз тое, што мы ляцелі не проста ў Расею, а праз дзве краіны. Ледзь паспелі на самалёт. Так што майце на ўвазе», - паскардзілася грамадзянка краіны-агрэсаркі.
Вось толькі інтэрнэт-карыстальнікі ў каментарах прымецілі, што ў Японіі ёсць выразныя правілы для ўсіх расейцаў - з краіны можна вывозіць не больш за 700$ у эквіваленце ў суме ўсіх валют. Так што пенсіянеркі самі справакавалі сваё «прыніжэнне», парушыўшы правілы.
«Японцы любяць выконваць правілы, і ў іх у правілах напісана, што расейцам забаронена вывозіць з Японіі больш за $700 у эквіваленце ў суме ўсіх валют, нават калі яны самі завезлі гэтыя грошы ў краіну. Так правяраюць абсалютна ўсіх расейцаў, якія пакідаюць Японію, да гэтага трэба быць гатовым», – пракаментаваў адзін з карыстальнікаў сеткі.
Іншыя ж паспяшаліся пасмяяцца з «бедных» расеек, пакідаючы ў каментарах пад навіной: «Кучаравенька жывуць пенсіянеркі», «Спачуваю», «А што зневажальнага ў звычайнай мытнай праверцы?», «Так, у «беднай» Еўропе такога няма».