На дзяржТВ загаварылі пра «няправільных шматдзетных»
39- 3.10.2023, 22:34
- 35,594
Яны нібыта нараджаюць дзяцей дзеля кватэраў.
Сістэма дапамогі шматдзетным у Беларусі, відаць, будзе змененая. У канцы мінулага тыдня пра гэта мімаходзь згадаў Аляксандр Лукашэнка, а цяпер за адпрацоўку тэмы ўзяліся дзяржСМІ. Так, нечакана рэзка пра шматдзетных выказаўся вядоўца АНТ Ігар Тур у сваёй праграме з адпаведнай назвай «Прапаганда», звярнула ўвагу «Люстэрка».
– Датычна шматдзетных сем'яў. Давайце наўпрост. У інфармацыйным полі гэтая тэма складаная, таму што нашыя ворагі лёгка нейкія пастановы будуць перакручваць у бок: «Паглядзіце, яны будуць менш дапамагаць шматдзетным сем'ям, паглядзіце, які крыважэрны гэты рэжым», – пачаў Тур. (Звярніце ўвагу: у традыцыях прапаганды Тур выкарыстоўвае беларускую мову ва ўвязцы з апазіцыяй, для пасмешкі і агучвання абсурдных тэзісаў, каб сфармаваць негатыўнае ўспрыманне мовы сярод сваёй аўдыторыі. – Заўв. рэд.).
– Але калі вы, гледачы, жывяце не з ружовымі акулярамі, то вы бачыце, што шматдзетнасць бывае вельмі розная, – прадаўжае прапагандыст. – І ёсць такія сем'і, дзе нараджаць зноў і зноў – гэта стратэгія, каб атрымаць кватэру за капейкі або дарма. А дзеці гэтыя потым недаядаюць, недасыпаюць, пакутуюць. Асабліва калі дапамога на іх ад дзяржавы выдаткоўваецца бацькамі на… мэблю. Патрэбная ж мэбля ў бясплатную кватэру.
Паводле словаў Тура, дзяржпадтрымка павінна быць толькі для саміх дзяцей, а вось іх бацькам – нават маці, якія прысвячаюць сябе выхаванню дзяцей і праз гэта не могуць пабудаваць добрую кар'еру, мець добры заробак і пенсію, – падтрымка не належыць.
– Скажу, напэўна, непапулярнае: калі гаворка ідзе пра тое, што дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем'і, гаворка ідзе толькі пра дзяцей, а не пра дарослых. І, скажам, Ордэн маці – гэта падзяка жанчыне за гераічнасць, за дзяцей, якіх яна нарадзіла, выхоўвае і здольная выхаваць сама. Але дзяржава прапануе дапамогу, ад якой, вядома, ніхто не адмаўляецца. Прабачце, але няма нічога гераічнага ў тым, каб нараджаць дзяцей, не маючы ні найменшага паняцця, як іх потым накарміць, абуць, апрануць і выхаваць, – сказаў прапагандыст.