Ябацька-рэцыдывіст, які выдае сябе за спецназаўца, пачаў ашукваць расейскіх сілавікоў
4- 3.10.2023, 19:15
- 18,544
Аферыст аднавіў сваю актыўнасць пасля сутак на Акрэсціна.
Неаднаразова асуджаны за разбоі Сяргей Аўтуховіч, які выдаваў сябе за афіцэра-ябацьку з унутраных войскаў і такім чынам прабраўся ў кабінеты топ-чыноўнікаў, не думае спыняцца. На днях ён атрымаў ордэн ад расейскага Звязу дэсантнікаў, звяртае ўвагу «Наша Ніва».
Сяргей Аўтуховіч аднавіў сваю актыўнасць пасля палітычных сутак на Акрэсціна.
Выглядае, што Аўтуховіч, які, каб схаваць крымінальнае мінулае, называе сябе Заслаўскім, пачаў арыентавацца на расейскі рынак.
У ягоным інстаграме апублікаванае відэа, як ён атрымлівае ордэн «Гонар і абавязак» ад расейскага Звязу дэсантнікаў. Уручэнне адбывалася ў Катыні – месцы расстрэлу афіцэраў польскага войска савецкімі карнымі органамі.
«Быў ашаломлены ягонымі спартовымі вынікамі. [Ордэн] найвышэйшая ўзнагарода міжнароднага звязу дэсантнікаў. Ім узнагароджваюцца сілавыя структуры, значныя людзі…», – выступае Валер Седзюкоў, які на сайце Расейскага звязу дэсантнікаў пазначаны як сябра кантрольна-рэвізійнай камісіі «міжнароднага звязу дэсантнікаў» і кіраўнік філіяла ў Беларусі.
Як тлумачыць сам Заслаўскі-Аўтуховіч, яго ўзнагародзілі «за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні і забеспячэнні баяздольнасці ваенна-дэсантных войскаў Расейскай Федэрацыі, яднання дэсантнага брацтва». Дэталі не тлумачацца.
Тым часам у апісанні ордэна гаворыцца, што ім могуць быць узнагароджаныя адстаўнікі паветрана-дэсантных і аэрамабільных войскаў, войскаў спецыяльнага прызначэння і марской пяхоты.
Сяргей Заслаўскі ніколі не служыў у войску, а ягоныя стасункі з сілавікамі да ўзлёту ў 2020-м мелі выключна вымушаны характар як стасункі падсуднага і канваіраў.