Reuters: У Расеі адрадзілі «сталінскія штрафбаты»
11- 3.10.2023, 20:04
- 10,216
Вінаватых акупантаў выкарыстоўваюць у якасці «гарматнага мяса».
У войску акупантаў РФ падраздзяленні «Шторм Z» выконваюць ролю штрафных батальёнаў сталінскіх часоў.
Іх кідаюць на самыя складаныя адрэзкі фронту і выкарыстоўваюць як гарматнае мяса. Пра гэта ідзе размова ў матэрыяле Reuters.
Адзначаецца, што перавод расейскіх вайскоўцаў у падраздзяленне «Шторм Z», якое часткова складаецца з былых зняволеных, стаў спосабам пакарання ў войску.
Як гаворыцца ў матэрыяле, атрады «Шторм Z» складаюцца прыкладна са 100–150 чалавек і з'яўляюцца часткай рэгулярных падраздзяленняў расейскага войска, выкарыстоўваюцца як штурмавыя на самых складаных адрэзках фронту, што з'яўляецца «рэхам сталінскіх часоў».
Пры гэтым акупантаў могуць адправіць у «Шторм Z» за спажыванне алкаголю, наркотыкаў, адмову ад выканання загадаў і да т.п.
Салдат УС РФ вайсковай часткі 40318 з 4-й мотастралковай брыгады расказаў журналістам, што афіцэры не шануюць жыццё гэтых байцоў, і дадаў, кажучы пра «штармоўцащ»: «Гэта проста мяса».
Аўтары матэрыялу дадаюць, што паводле расейскіх законаў вайсковец можа быць пераведзены ў штрафную частку толькі пасля асуджэння вайсковым судом. Але ніхто з суразмоўцаў агенцтва не згадваў пра ўдзел у такіх працэсах.