Лукашысты ўзяліся за ордэн Маці
13- 3.10.2023, 20:56
- 16,008
Магчыма, не ўсіх беларусак, якія нарадзілі пяцярых дзяцей, будуць узнагароджваць.
Беларусак прапануецца ўзнагароджваць ордэнам Маці толькі пры наяўнасці высокіх маральных якасцяў. Акрамя таго, яны павінны прадэманстраваць адказнасць у выхаванні і ўтрыманні дзяцей. Такія палажэнні закладзеныя ў праект змяненняў у закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», які з'явіўся ў базе звестак законапраектаў Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу.
У дзейнай версіі закона прапісана, што «ордэнам Маці ўзнагароджваюцца жанчыны, якія нарадзілі і (або) выхавалі пяцярых і больш дзяцей – грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».
У праекце прапануецца пашыраная фармулёўка: «Ордэнам Маці ўзнагароджваюцца жанчыны – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія нарадзілі і (або) выхавалі пяцярых і больш дзяцей – грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць высокімі маральнымі якасцямі і адказнасцю ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей, клопаце пра іх здароўе, развіцці, навучанні, падрыхтоўцы да грамадска карыснай працы, прывіцці ім культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі».
Яшчэ адна змена ў законе датычыцца пераліку ўмоваў, пры наяўнасці якіх жанчыны могуць быць узнагароджаныя ордэнам. У праекце прапісана, што да ўзнагароджання не могуць быць прадстаўленыя жанчыны, якія «неаднаразова (два і больш разы) змушаліся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, супраць парадку кіравання». У дзейнай рэдакцыі закона прадугледжана, што не могуць быць прадстаўленыя да ўзнагароды жанчыны, якія ўчынілі ўказаныя адміністрацыйныя правапарушэнні пры ўмове, што «не скончыўся тэрмін, пасля заканчэння якога яны ўважаюцца як тыя, што не зазналі адміністрацыйнага спагнання». Акрамя таго, не змогуць атрымаць ордэн жанчыны, якія раней мелі і (або) маюць судзімасць. Цяпер, паводле закону, яго не могуць атрымаць толькі тыя, хто мае судзімасць.