«Мы пераможам, калі гэтая думка будзе ў галаве кожнага палітыка і грамадзяніна»
8- 30.10.2023, 12:05
- 16,910
Важная дыскусія адбылася на вечары памяці беларускіх добраахвотнікаў у Варшаве.
У Варшаве 28 кастрычніка прайшла вечарына памяці добраахвотніка Эдуарда Лобава і іншых беларускіх ваяроў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Блізу 100 чалавек сабраліся ў Музеі свабоднай Беларусі.
Арганізатарам і вядоўцай вечарыны памяці выступіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна. Ва ўступным слове беларуская журналістка прыгадала імёны герояў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду Украіны і Беларусі:
- Гэты вечар мы прысвячаем памяці Эдуарда Лобава, беларускага актывіста апазіцыі і добраахвотніка, які служыў ва УСУ і загінуў у студзені гэтага года пад Вуглядарам. Мы таксама прысвячаем гэты вечар усім беларусам, якія загінулі падчас вайны ва Украіне. Гэтыя людзі змагаліся за Беларусь. Яны ведалі, што абарона Украіны ад расейскіх акупантаў – гэта абарона Беларусі. Іх ахвяры не павінны быць забытыя.
З 2014 года ва Украіне загінулі мінімум 50 беларускіх добраахвотнікаў. Мы не ведаем імёны ўсіх нашых герояў. Пакуль не ведаем, бо ёсць пагроза для іх блізкіх і родных, якія застаюцца сёння ў дыктатарскай Беларусі. Я б хацела сёння назваць імёны некаторых з іх, няхай яны прагучаць у гэтай зале.
Няхай іх імёны і пазыўныя адгукнуцца ў вашых сэрцах: Васіль «Вагон» Ганчарэнка, Юры «Кібарг» Саколачка, Ігар «Партызан» Туркоў, Зміцер Казачонак, Аляксандр «Шустры» Будзько, Алесь «Тарас» Чаркашын, Алег «Лешы» Вярэніч, Мікалай «Эстонец» Ільін, Ілля «Ліцвін» Хрэнаў, Аляксей «Тур» Скобля, Дзмітрый «Тэрор» Апанасавіч, Дзмітрый «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фенікс» Дзюбайла, Яўген «Мальдэр» Логінаў, Павел «Волат» Суслаў, Іван «Брэст» Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудавік, Вадзім «Папік» Шатроў, Алег «Артэга»/«Кот»/«Хмурны» Панамароў, Андрэй «Зубр» Краўчанка, Тэд, Аляксей «Жнец» Вешчавайлаў, Міхаіл «Юнгер» Шавельскі, Аляксей «Якуб» Аўдзеенка, Эдуард Лобаў, Данііл «Маджахед» Ляшук, Міраслаў «Мыш» Лазоўскі, «Жвір», Бахус, Павел «Борт» Горбач.
Напярэдадні ў інтэрв'ю мяне спыталі: чаму я дапамагала ў арганізацыі пахавання Эдуарда Лобава, праводзілі паніхіду яго памяці і сёння праводжу гэты вечар. Бо ўважаю гэта сваім абавязкам. З Эдуардам Лобавым мы праходзілі паводле адной крымінальнай справы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, Эдуард тады адсядзеў у турме чатыры гады. Калі ён вызваліўся ў 2014 годзе, пачалася вайна ва Украіне, і практычна адразу ж былы палітвязень паехаў на фронт. Эдуард быў лаўрэатам прэміі «Хартыі-97» «За асабістую мужнасць». Ягонае жыццё, ягоная барацьба - з дыктатурай у Беларусі, з расейскімі акупантамі ва Украіне - гэта подзвіг даўжынёю ў жыццё. Гэта нашая трагедыя, гэта наш боль, гэта нашая барацьба.
Для ўдзельнікаў вечарыны памяці запісаў відэазварот беларускі добраахвотнік Дзяніс «Ваўкалак» Урбановіч, які пяць разоў быў паранены, але ўсё адно вярнуўся на фронт.
Затым выступіў дарадца-пасланнік пасольства Украіны ў Польшчы Раман Шапяляк. Ён адзначыў, што Эдуард Лобаў аддаў сваё жыццё за еўрапейскую будучыню ўкраінскага і беларускага народаў:
- Украіна вядзе экзістэнцыйную вайну не толькі за сваю свабоду, але і за свабоды і правы ўсіх цывілізаваных людзей. Толькі дзякуючы адвазе нашых абаронцаў, міжнароднай дапамозе і падтрымцы замежных добраахвотнікаў, удаецца стрымліваць ворага.
Эдуард быў на баку дабра і свабоды. Гэта чалавек, які на працягу многіх гадоў змагаўся з расейскай заразай. Яшчэ ў Беларусі ён паказаў сваю пазіцыю супраць таталітарызму. Я ўпэўнены, што хутка мы пераможам. І мы, украінцы і беларусы, будзем жыць у адзінай мірнай еўрапейскай супольнасці, а імёны герояў, якія аддалі і аддаюць жыцці ў гэтай несправядлівай вайне, будуць ушанаваныя.
Пасля паказу фільма «Вечны бой Эдуарда Лобава, які зняў тэлеканал «Белсат», адбылася дыскусія з удзелам маці Эдуарда Марыны Лобавай, рэжысёркі фільма Вольгі Воранавай, ксяндза Вячаслава Барка і валанцёра грамадскай арганізацыі «Еўрамайдан», вядомага журналіста Яўгена Клімакіна. Мадэратаркай выступіла Наталля Радзіна.
Марына Лобава расказала, што ёй дапамагае трымацца пасля смерці сына:
- Сёння маёй мэтай з'яўляецца захаванне памяці пра Эдзіка. За дзевяць месяцаў удалося сёе-тое зрабіць. Дзякуючы родным загінулага сябра майго сына Багдана Стасюка і кіраванню 8-га палка, у якім раней служыў Эдзік, ён стаў ганаровым грамадзянінам горада Хмяльніцкага. Таксама мой сын быў узнагароджаны прэзідэнтам Украіны ордэнам «За мужнасць». Цяпер мы стараемся, каб Эдуард атрымаў грамадзянства Украіны, якое яму так і не далі пры жыцці. Спадзяюся, гэтае грамадзянства яму дадуць пасмяротна.
Ці шануюць ва Украіне ахвяры беларусаў? Ці падзяляюць беларускі народ і злачынны рэжым Лукашэнкі? Украінскі актывіст і журналіст Яўген Клімакін упэўнены, што ва ўкраінцаў, якія сапраўды змагаюцца за свабоду, няма ніякіх прэтэнзій да беларусаў:
- Можна адказаць прыгожа, а можна справадліва. Не буду вас ашукваць. Былі непрыемныя сітуацыі, непрыемныя стасункі, але з маіх назіранняў, гэта зыходзіла з боку тых людзей, якія нічога не робяць для перамогі. А тыя людзі, якія пасля 24 лютага 2022 года забыліся, што такое адпачынак і што такое сон, - у іх няма ніякіх прэтэнзій.
У іх ёсць павага да беларускіх герояў, якія не мусілі ехаць на вайну. Не было ніякага набору, але яны кінулі ўсё і пачалі сваю асабістую барацьбу са злом. Пачуццё справядлівасці і ўнутраны камертон не дазволілі ім жыць так, як яны жылі раней.
Марына Лобава расказала аб праблемах, з якімі сутыкаюцца сем'і загінулых беларускіх добраахвотнікаў:
- У мяне такое адчуванне, што ва Украіне не працуе сістэма. Я дзевяць месяцаў не магу сабраць дакументы на свайго сына. Тэлефаную кожны тыдзень у штаб 72-й брыгады, яны кажуць, што дакументы выслалі, тэлефаную ў вайсковы камісарыят у Хмяльніцкім - дакументаў няма. І так ужо месяц. Мне асабіста давядзецца ехаць і забіраць гэтыя дакументы.
Апошняя сітуацыя - знік банкаўскі рахунак сына, куды пералічваліся грошы падчас яго службы ў брыгадзе. Майму натарыусу проста сказалі, што банкаўскага рахунку няма.
Марыя Лобава ўзняла яшчэ адну важную тэму - сем'і загінулых грамадзян Беларусі і РФ не могуць разлічваць на кампенсацыю з боку Украіны.
Наталля Радзіна расказала, што напярэдадні мерапрыемства была дасягнута дамоўленасць з намеснікам пасла Украіны ў Польшчы, што на гэтым тыдні пройдзе сустрэча, і ўкраінскія ўлады пастараюцца дапамагчы маці беларускага добраахвотніка вырашыць усе пытанні.
Украінскі актывіст Яўген Клімакін пагадзіўся, што такія праблемы маюць месца быць, але грамадзянская супольнасць гатовая дапамагаць іх развязваць:
- Мне здаецца, што праблема закаранела, супраць яе пратэстуюць і самі ўкраінцы. Праблема ў безадказным стаўленні. Ёсць людзі, для якіх вайна «ўжо скончылася», для кагосьці яна і «не пачыналася», а хтосьці на ёй адкрыта зарабляе. Аднак мне дае веру ў будучыню тое, што крытычная маса людзей выступае супраць гэтага «саўка».
Мы, грамадзянская супольнасць, бяром на сябе частку функцый дзяржавы. Калі ёсць нейкія зборы для сем'яў беларускіх добраахвотнікаў - мы гатовыя далучыцца.
Падчас дыскусіі Вольга Воранава заклікала беларускіх журналістаў надаваць больш увагі тэме добраахвотнікаў:
- Мне вельмі прыемна, што гэтыя людзі сёння ёсць. Сваёй крывёй яны змываюць тое, што нарабіў Лукашэнка.
Я сябе ўвесь час вінавачу ў тым, што не знайшла часу паехаць і папрацаваць з жывымі людзьмі. Не капацца ў архівах, а паказаць, як гэтыя людзі казалі, думалі. Добра, што ёсць архівы, але трэба ведаць беларускіх добраахвотнікаў жывымі. Мяркую, што гэта вялікі прабел у нашай журналісцкай працы. Трэба ехаць, размаўляць з імі і дапамагаць усім, чым мы можам.
Наталля Радзіна спытала ксяндза Вячаслава Барка пра тое, з кім застанёмся мы, беларусы, калі на вайне гінуць найлепшыя з нас. Святар мяркуе, што ахвяра, якую прыносяць сёння беларускія добраахвотнікі, не дарэмная:
- Гінуць не тыя, хто прыстасоўваецца ў сваім жыцці і «прызямляецца на чатыры лапы». Гінуць тыя, хто думаюць не пра сябе, а пра іншых, на лініі агню закрываюць сваімі целамі кулі, якія ляцяць з боку агрэсараў у ахвяру. Гінуць не тыя, хто кажуць, што «вайна - брудная справа». Гінуць тыя, хто кажа, што «гэта мая справа». Калі не я, то хто?
Эдуард Лобаў не таму стаў героем, што загінуў ва Украіне. Ён у Беларусі ў свой час адседзеў чатыры гады, яшчэ тады, калі шмат хто не ведаў, якое зло яны будуюць. Тыя, якія выйшлі ў 2020 годзе на вуліцы, калі сядзеў Эдзік у турме, будавалі гэтую сістэму.
Адкуль узяўся 2020 год? Чаму людзі абудзіліся? Бо былі такія героі, як Эдуард Лобаў. Бо гінулі, бо пралівалі кроў. Пакуль чалавек жыве на гэтай зямлі - гэта нармальна, змагацца за свабоду. Бо без свабоды гэтае жыццё не мае сэнсу.
Давайце аб'яднаемся на падставе таго, што для нас каштоўнасць - гэта Беларусь. Каштоўнасць - не толькі маё жыццё, заробак, сям'я, але і Беларусь. Калі гэтая думка будзе ў галаве кожнага палітыка, аналітыка і грамадзяніна, у нас усё будзе добра. Нашы героі будуць нас натхняць сваімі подзвігамі, паказваць, што жыццё без свабоды не мае сэнсу, а мы дасягнём таго, да чаго імкнёмся - пабудуем новую Беларусь.
Дыскусія працягнулася ў зале. Людзі ўставалі і актыўна выступалі.
Журналістка Любоў Лунёва выказала меркаванне, што беларускім патрыётам сёння не варта ваяваць ва Украіне:
- Можаце закідаць мяне камянямі, але я думаю, што варта ўзяць паўзу, няхай ва Украіне запрацуюць інстытуты, няхай будуць нейкія гарантыі.
Мы можам казаць, што ва Украіне праблемы і гэтак далей, але іх 50 мільёнаў, а нас восем. Нас і так раскідала па ўсім свеце, а гінуць найлепшыя. Палова «Маладога фронту», што ж гэта такое? Цяпер гэтыя людзі гінуць – і ніякай падзякі.
Украінская актрыса, жонка вядомага беларускага актор а Ігара Сігова Валерыя падзякавала маці Эдуарда Лобава за подзвіг яе сына:
- Калі б я магла выбіраць, я не хацела б жыць у часы, калі гінуць героі, таму што гэта вельмі балюча. У мяне ёсць адказ на пытанне: «Дзе вы былі восем гадоў?» Я у апошні час пра гэта шмат думала. У той час, калі Эдуард пайшоў на фронт, я ў Кіеве скончыла інстытут, пачала працаваць у Херсоне рэдактаркай. У 2021 годзе выйшла замуж у Менску. І ў кожнай з гэтых мясцін я была абсалютна шчаслівая дзякуючы вашаму сыну. Бо ў Херсон не зайшлі, бо ў Кіеў не сунуліся, бо ў Менску была надзея. Ці прыходзіць часам роспач? Прыходзіць. Ці задаеш сабе пытанне пра плату? Задаеш. Адказ адназначны - вельмі высокая. Ці ісці на вайну? Я не ведаю. Гэта асабісты выбар кожнага замежніка, у тым ліку - беларусаў. Я б не хацела, каб у нас нехта ваяваў, але ў нас няма выбару на сённяшні дзень. Калі чакаць, пакуль запрацуюць украінскія інстытуты, можна і не дачакацца.
Я абсалютна шчыра веру, што настане дзень, калі мы будзем дзякаваць адзін аднаму за тое, мы перамаглі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў плаванні, уладальніца трох алімпійскіх медалёў Аляксандра Герасіменя заклікала беларусаў не чакаць герояў, а дзейнічаць самім:
— Ведаеце, мне сёння вельмі адгукнуліся словы бацькі Вячаслава аб тым, што шмат людзей зараз расчараваліся, шмат людзей, якія зараз у дэпрэсіі і не ведаюць, што рабіць. Я думаю, што расчараванне - гэта добра. Калі мы жывём у ілюзіях, калі мы жывём у сваім свеце, тады мы не бачым, што адбываецца напраўду. І калі мы расплюшчым вочы - шмат у каго дэпрэсія і з'яўляецца. Але дэпрэсія прыходзіць тады, калі мы не ведаем, што рабіць, калі мы не жадаем браць адказнасць за тое, што мы можам самі зрабіць. Мы хочам, каб гэта зрабіў нехта іншы, каб гэта зрабіў нейкі герой, напрыклад.
І я думаю, што пасля 2020 году ў беларусаў склалася такое ўражанне, што нацыя прачнулася, нарэшце гэта адбылося. Думаю, што ў нас толькі крыху расплюшчыліся вочы. І зараз ідзе барацьба, і гэтая барацьба ў нас унутры. Гэта не толькі вайна ва Украіне, але і ў кожнага чалавека: ці быць за святло, ці быць за цемру.
Блізкі сябар Эдуарда Лобава Андрэй Цянюта заклікаў аб'ядноўвацца вакол беларускай ідэі, а не псеўдалідараў:
- Беларусы, якія цяпер на фронце - усе ідэйныя, вераць у Беларусь з адзінай дзяржаўнай мовай і ў беларускую Беларусь. Пасля 2022 года, калі Расея скінула з сябе ўсе маскі, ужо стала бачна, што ёсць «чорнае», а што ёсць «белае». Нехта змагаецца на фронце, нехта аддае сваё жыццё за Беларусь, а нехта піша двухмоўную Канстытуцыю. Хтосьці атрымлівае кантузіі, хтосьці становіцца інвалідам, а хтосьці выдумляе службу, у якой нават няма беларускай мовы (гаворка пра службу для палітвязняў «Адно акно», распрацаваная офісам Ціханоўскай - заўв.).
Я думаю, што гэта проста плявок на магілы беларусаў. Хацеў выказаць сваю ўстурбаванасць гэтым усім і думаю, што трэба ўсім заклікаць беларусаў аб'ядноўвацца не вакол «светы», «колі», «васі», а вакол ідэі, за якую змагаецца наша эліта.
Прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў мяркуе, што змены ў нашай краіне будуць, але важна выкарыстоўваць шанец:
- Давайце зробім усё, каб калі прыйшлі перамены або магчымасць гэтых перамен, мы іх не змарнавалі. Каб мы пабудавалі тую краіну, за якую сёння гінуць нашыя сыны, нашыя браты, нашыя бацькі. Каб гэтая краіна была вартая нас, а мы вартыя гэтай краіны. Бо без такога адказнага шляху, як будаўніцтва свабоднай, справядлівай і праўдзівай Беларусі, у якой будуць працаваць усе інстытуты, у якой не будуць забывацца на герояў, гэтыя ахвяры будуць марнымі.
У канцы дыскусіі Наталля Радзіна спытала ў ксяндза Вячаслава Барка пра свята Дзяды. Як беларусам, якія былі раскіданыя па ўсім свеце, варта адзначыць дзень памяці продкаў:
- Трэба проста памятаць герояў і ісці наперад іх дарогай. Мы дакладна дойдзем да Беларусі, да перамогі. Але не дай Бог, на гэтай дарозе ўзяць паўзу. У 1994 годзе паўзу ўзяло беларускае грамадства. І героі гінулі, людзі аддавалі сваё жыццё, на алтар радзімы клалі.
Успамінаючы продкаў, давайце памятаць гэтыя прыклады, якія нас натхняюць.