3 лiстапада 2023, Пятніца, 5:47
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Далей офіс Ціханоўскай прапануе падпісваць дакументы аб супрацоўніцтве з КДБ?

49
Наталля Радзіна: Далей офіс Ціханоўскай прапануе падпісваць дакументы аб супрацоўніцтве з КДБ?
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Рэжыму Лукашэнкі трэба ставіць жорсткі ультыматум, а не прагінацца пад ім.

Што не так з праграмай офіса Ціханаўскай «Одно окно»? Праз што праходзяць жанчыны-палітвязні ў беларускіх турмах? Як дабіцца вызвалення вязняў рэжыму Лукашэнкі? Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Белсат" гаварыла галоўная рэдактарка сайта Сharter97.org Наталля Радзіна.

Наталля Радзіна расказала пра выступ у Еўрапарламенце, дзе яна апісала, як у беларускіх турмах катуюць жанчын-палітвязняў:

— Я выступала на пасяджэнні Камітэта Еўрапарламента ў правах жанчын і Дэлегацыі ў сувязях ЕП з Беларуссю, дзе распавядала пра найбольш цяжкія сітуацыі сярод жанчын-палітвязняў. Напраўду мы не ведаем, колькі жанчын сёння знаходзіцца ў беларускіх турмах, ведаем толькі прозвішчы двухсот з іх. Вядома, жанчын-палітвязняў можа быць больш, бо з розных звестак у нас ад васьмі да дзесяці тысяч чалавек сядзяць пводле палітычных матываў.

Распавядала, што адбываецца і з актывісткай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Палінай Шарэндай-Панасюк, бо з ёй катастрафічная сітуацыя, самая цяжкая. Ужо трэці раз ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, вельмі цяжкая сітуацыя са здароўем. Яна 200 дзён правяла ў штрафным ізалятары. Расказвала еўрапарламентарыям, што такое штрафны ізалятар у Беларусі. Гэта сапраўдныя катаванні.

- Які адказ на гэта ўсё? Бо мы гаворым пра гэта гадамі? Актывісты і палітыкі патрабуюць ціснуць з дапамогай санкцый. Воз і цяпер там. Сёння два гады, як нашая журналістка “Белсату” Ірына Слаўнікава знаходзіцца пад вартай.

— Я расказвала і пра журналістак “Белсата” Кацярыну Андрэеву, Ірыну Слаўнікаву, а таксама і пра Ірыну Леўшыну, Марыну Золатаву, Галіну Дзербыш, Ксенію Луцкіну, якая знаходзіцца ў турме з ракам мозгу, Марыю Калеснікаву, Вольгу Залатар і шмат іншых.

Я паспела расказаць пра многія справы, бо сітуацыя жахлівая, людзей проста забіваюць у турмах. І жанчын, і мужчын. Што рабіць?

Мяркую, што сёння ўсе дэмакратычныя сілы павінны казаць пра ўзмацненне эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Тыя санкцыі, якія сёння ёсць, не дзейнічаюць, іх масава абыходзяцца. Трэба патрабаваць, каб выконваліся тыя санкцыі, якія ўжо ёсць. Трэба сінхранізаваць санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Трэба паставіць Лукашэнку ультыматум: ці ён вызваляе людзей з турмаў, ці ўводзіцца гандлёвае эмбарга. Больш за тое, Міжнародная арганізацыя працы ўжо патрабуе ўвесці гэтую меру супраць беларускага рэжыму. Не можа быць іншых шляхоў, акрамя ціску. Я як былая палітычная зняволеная ведаю, што Лукашэнка гэтага баіцца.

- Еўрапейскія палітыкі слухаюць, робяць выгляд, што разумеюць, але ўсё застаецца на сваіх месцах. Мне падаецца, што беларуская грамадзянская супольнасць і палітыкі адным голасам кажуць пра санкцыі, што трэба закрываць “дзіркі” ў іх. Напэўна, толькі Зянон Пазняк кажа, што "санкцыі - супраць беларусаў, а не рэжыму".

- Не толькі Зянон Пазняк. У апошні час я стала ўсё часцей чуць, што, можа, "гэтыя санкцыі не патрэбныя". Нават у гэтым эфіры да нашай размовы прагучала меркаванне, што "патрэбныя перамовы і дыялог". Я бачыла, што сваякі палітвязняў абураліся, што пры офісе Ціханоўскай была створаная служба “Одно окно», дзе размешчаны заклік да палітвязняў, каб яны пісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Які наступны крок? Ці будуць прасіць людзей запісваць “пакаянныя” відэа для БТ? Ці адразу падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ? Гэтага нельга рабіць. Права кожнага палітвязня - самому прымаць пастанову, але прапаноўваць яму звонку нельга. Бо гэта дэмаралізуе людзей і легітымізуе рэжым Лукашэнкі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках