У Гомелі на дне ракі знайшлі косткі старажытнага бізона
4- 1.11.2023, 12:46
- 2,788
Ён жыў на тэрыторыі Беларусі 20 тысяч гадоў таму.
Вадалазы знайшлі косці старажытнага бізона на дне Сожа ў Гомелі, паведамляе Таварыства выратавання на вадзе Гомельскай вобласці.
Знаходку знайшлі 30 кастрычніка пры трэніровачных апусканнях на Заходняй выратавальнай станцыі. Вадалаз знайшоў два прадметы, падобныя да костак. Яны знаходзіліся на глыбіні некалькіх метраў і былі пакрытыя часткова глеем.
Косці ўзнялі на паверхню і звярнуліся да спецыялістаў Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. Яны вызначылі, што астанкі належаць старажытнаму бізону.
«Знойдзеныя астанкі належаць бізону, які мог тут жыць 10-20 тысяч гадоў таму. Адна з іх локцевая разам з прамянёвай, а другая частка груднога пазванка», - распавёў загадчык аддзела археалогіі і аховы гістарычнай культурнай спадчыны Юры Панкоў.
Знаходкі былі перададзеныя ў музей.




