Палітолаг: У Крамлі пачалася рэальная паніка
2- 17.11.2023, 8:17
- 17,308
Вынікі сустрэчы Байдэна і Сі Цзіньпіна шакавалі Маскву.
Сустрэча прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна і лідэра Кітая Сі Цзіньпіна паказала, што Пекін адыходзіць ад шчыльнага супрацоўніцтва з Масквой. Такое меркаванне выказаў палітычны эксперт Валерый Клачок.
Як адзначыў эксперт у эфіры "24 канала", Расея стала для Кітая сур'ёзным рынкам збыту — гандлёвыя стасункі паміж гэтымі краінамі на працягу апошніх гадоў толькі ўзмацняліся. Паводле слоў Клачка, у выніку сустрэчы лідэраў ЗША і Кітая рэалізавалася ідэя аб стварэнні біпалярнага свету, аб якой гадамі марыў расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін. Праўда, у якасці апанента Байдэна ён бачыў сябе. Напраўду ж выявілася, што на адным полюсе гэтага біпалярнага свету апынуліся ЗША, а на другім — Кітай, а Пуціну застаецца толькі назіраць за гэтым.
«У той жа час расейцы набралі ў рот вады. Я не бачыў ніводнага каментара ад Расеі. У Крамлі — сапраўды паніка», — адзначыў палітычны эксперт.
Акрамя таго, ён нагадаў, што ЗША і Кітай дамовіліся павялічыць колькасць авіярэйсаў паміж краінамі для культурнага, спартовага і сацыяльнага абмену. Гэта сведчыць аб паглыбленні супрацоўніцтва нават на сацыяльна-бытавым і турыстычным узроўні.
«Такія рэчы выпадкова не прапісваюцца. Магчыма, гэта вялікая падрыхтоўка да стварэння міждзяржаўнага пагаднення аб супрацоўніцтве. Я не буду цяпер сцвярджаць аб тым, што ў даляглядзе Кітай і ЗША стануць прыязнымі краінамі. Аднак на гэтым этапе прагматызм перамагае», — дадаў Клачок.
Акрамя таго, гучала інфармацыя аб тым, што Байдэн заклікае Сі Цзіньпіна не дапамагаць Расеі. Калі падводзіць простыя вынікі, то, паводле слоў Клачка, Пуцін за гэтым назірае, але зрабіць нічога не можа.