У Оршы разгарнуліся сапраўдныя «бразільскія жарсці»
8- 18.11.2023, 21:03
- 10,344
Мужчына не хацеў плаціць аліменты за чужое дзіця, якога раней прызнаў сваім.
Жыхар Оршы развёўся з жонкай і не захацеў плаціць аліменты на дзяцей. Ён звярнуўся ў суд, каб ануляваць звесткі пра сваё бацькоўства ў адносінах да дваіх дзяцей: хлопчыка, які быў у экс-жонкі да шлюбу, і дзяўчынкі, якая нарадзілася ў афіцыйных стасунках. Як развязалася сітуацыя, паведамілі на сайце Вярхоўнага суда.
Паводле інфармацыі з пазову жыхара Оршы Сяргея, ён пражываў са сваёй каханай Палінай (імёны выдуманыя, бо на сайце Вярхоўнага суда пазначаная толькі першая літара імя) з вясны 2016-га. На наступны год у пары нарадзіўся сын, і аршанец добраахвотна прызнаў сваё бацькоўства. Афіцыйна стасункі з Палінай яны аформілі толькі вясной 2019-га. Праз некалькі месяцаў пасля ўступлення ў шлюб у пары нарадзілася дачка.
У канцы 2021 года Сяргей і Паліна развяліся. Тады суд абавязаў мужчыну выплачваць аліменты на ўтрыманне дваіх дзяцей, якія засталіся жыць у экс-жонкі. Пасля гэтага Сяргей засумняваўся ў сваім бацькоўстве і падаў пазоў у Аршанскі суд, у якім прасіў ануляваць запіс акта аб устанаўленні ягонага бацькоўства ў дачыненні да сына і выключыць з запісу актаў аб нараджэнні звесткі аб ягоным бацькоўстве ў адносінах да абаіх дзяцей.
Сваё патрабаванне Сяргей аргументаваў тым, што ўвосень 2022 г. ягоныя сябры паведамілі яму, як бачылі Паліну з іншымі мужчынамі ў перыяд, калі яны супольна пражывалі. Адпаведна ў яго ўзніклі сумневы і ў біялагічным бацькоўстве ў адносінах да дзяцей.
Паліна, у сваю чаргу, запярэчыла, што з Сяргеем яна пазнаёмілася не ў 2016 годзе, як той заяўляе, а ў красавіку 2018-га, калі яе сыну ўжо быў год. Таму на момант свайго ўстанаўлення бацькоўства ў адносінах да дзіцяці той ведаў, што дакладна не з'яўляецца ягоным біялагічным бацькам.
Заслухаўшы абодва бакі і сведкаў, а таксама вывучыўшы матэрыялы справы, суд пакінуў пазоў Сяргея без задавальнення. Акрамя таго, з яго павінны спагнаць судовыя выдаткі на карысць Паліны. Такая пастанова мужчыну не задаволіла – ён падаў апеляцыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд і папрасіў усё ж задаволіць пазоў. У выніку там пагадзіліся з пастановай калегаў з Воршы.
Сяргею адмовілі ў задавальненні пазову, паколькі ў момант рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства мужчыну было вядома, што ён фактычна не з'яўляецца бацькам дзіцяці. Такія высновы суд зрабіў пасля заслухоўвання паказанняў Паліны і сведкаў – усё супала.