ISW: Сітуацыя пад Аўдзееўкай нечакана змянілася
3- 20.11.2023, 15:03
- 53,698
Сярод расейцаў расце колькасць дэзерціраў.
У справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW) аналітыкі паведамілі, што ўкраінскія войскі правялі паспяховую атаку ў раёне Аўдзееўкі і рушылі наперад 19 лістапада.
Экспэрты ISW адзначаюць, што Сілы абароны контратакавалі пад Аўдзееўкай пазіцыі захопнікаў і 19 лістапада здзейснілі пацверджанае прасоўванне наперад. Геалакацыйныя звесткі паказваюць, што УСУ прасунуліся наперад ля чыгункі на паўднёвы ўсход ад Стэпавай, што за 3 кіламетры на паўночны захад ад Аўдзееўкі.
Таксама ў справаздачы паведамляецца, што расейскія захопнікі таксама праводзілі наступальныя аперацыі ў раёне Аўдзееўкі 19 лістапада, але ніякага поспеху не дамагліся.
У сваю чаргу прадстаўнік украінскай Таўрыйскай групоўкі войскаў палкоўнік Аляксандр Штупун заявіў, што сярод акупантаў расце колькасць адмоў ісці ў атаку на пазіцыі УСУ. Таксама растуць выпадкі дэзерцірства. Гэта змушае камандаванне захопнікаў выкарыстоўваць фізічную сілу і загараджальныя атрады, каб падштурхнуць расейскія войскі да бою.
Ён дадаў, што расейскае войска адзначала вялікія страты пад Аўдзееўкай і вымушана выкарыстоўваць мабілізаваны асабовы склад і навабранцаў з ліку вайскоўцаў-тэрмінавікоў.