BILD: Украіна пачала раптоўны наступ
4- 20.11.2023, 14:36
- 40,062
Вынік удару УСУ можа быць шакавальным.
Украіна пачала раптоўны наступ на расейскія пазіцыі, так ваенны аглядальнік Юльян Рэпкэ пракаментаваў апошнія поспехі Сіл абароны Украіны на Херсоншчыне. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле BILD.
У матэрыяле пазначаецца, што прадстаўнікі ўкраінскага войска заяўляюць, што УСУ ўдалося адкінуць расейскія войскі на левым беразе Дняпра на некалькі кіламетраў. Першапачатковыя ацэнкі вагаліся ад трох да васьмі кіламетраў - аб гэтым напярэдадні паведаміла прэс-сакратар Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк.
Паводле ейных слоў, украінскае камандаванне ацэньвае колькасць расейскіх вайскоўцаў у гэтым раёне на некалькі дзясяткаў тысяч.
«Супраціўнік працягвае весці артылерыйскі агонь па правым беразе. Нас чакае яшчэ шмат працы», - заявіла Гумянюк.
Аглядальнік BILD Юльян Рэпкэ адзначае, што шырокі Дняпро ўжо год служыць лініяй фронту і аддзяляе ўкраінскіх вайскоўцаў ад расейскіх на поўдні. Правы бераг кантралююць УСУ, тады як расейцы ўтрымліваюць супрацьлеглы левы бераг.
Ён дадае, што хаця ўкраінскія вайскоўцы паведамляюць аб «паспяховым прарыве» на левым беразе, расейскае камандаванне паведамляе аб сур'ёзных стратах, якія, з іх слоў, нясуць УСУ, утрымліваючы свае пазіцыі на плацдарме.
«Калі свежыя справаздачы ад украінскіх вайскоўцаў будуць пацверджаныя, гэта стане найважнейшым дасягненнем УСУ за апошнія некалькі месяцаў. Контрнаступ, які пачаўся яшчэ ў чэрвені, дагэтуль развіваўся павольна і вынікам яго было вызваленне толькі некалькіх невялікіх вёсак на паўднёвым і ўсходнім кірунку», - рэзюмуе ваенны аглядальнік.