«З таго часу яны пачалі ціха ненавідзець Лукашэнку»
12- 20.11.2023, 23:02
- 45,914
Беларуска расказала пра сапраўдных карупцыянераў.
Залезеш у інтэрнэт, пачытаеш навіны - і думкі не даюць спакою. Гэта ж трэба! Той, хто абяцаў перамагчы карупцыю, выгадаваў яе да такіх страшных памераў, піша чытачка Charter97.org.
Гэтымі днямі назіраем за новай выкрытай карупцыйнай схемай. Гэтым разам у малочнай сферы. Арыштаваныя карупцыянеры з холдынгу “Бабушкина крынка”. Яшчэ, здаецца, не паспела астыць навіна пра карупцыянераў з цукровай галіны. Цэлыя абсягі, ды што тут казаць, усю краіну апанавала карупцыя. Тут прыгадваюцца і карупцыйныя справы артапедаў і дрэваапрацоўкі, і медычнага абсталявання. Можна доўга пералічваць выкрытых і пакараных, але сітуацыя кардынальна не мяняецца.
Ведама ж, катаваць і забіваць іх у турмах не будуць, проста папросяць падзяліцца накрадзеным майном. А пасля ціхенька перавядуць на кіроўную пасаду на іншае прадпрыемства, дзе майстры-карупцыянеры будуць наладжваць новыя “схематозы” ды аддана служыць лукашызму, хвалячы дыктатара. На знак падзякі будуць здзекавацца са сваіх падначаленых яшчэ мацней з надзеяй выслужыцца і зноў не патрапіць за краты.
А мне прыгадалася жыццёвая сітуацыя нашых суседзяў. Яны (Пятро ды Валер) працавалі кіроўцамі на камбікормавым заводзе. З гэтага мелі такі-сякі прыбытак. Ссыпалі сабе той камбікорм, трымалі шмат свіней ды яшчэ ўмудраліся мяхамі прадаваць суседзям. А ўзяўшы ў суботу чарку, хвалілі Лукашэнку ды ягоны рэжым: маўляў, хто не лянуецца, то грошы заўсёды заробіць, а ганяць дыктатара гультаі ды недарэкі. Але лёс склаўся так, што нехта з зычліўцаў даказаў на зухаў, і аднаго разу на маіх вачах іх брутальна затрымалі, паклалі на падлогу, рукі счапілі кайданкамі за спінай ды заарыштавалі. Гісторыя гэта мела наступны працяг: ушпілілі ім штрафу ды пакінулі працаваць кіроўцамі, праўда, даручылі развозіць рабочых. Вядома, нейкія кроплі бензіну ім выпадае вымеркаваць, але гэта ўжо зусім іншы ўзровень даходу. З таго часу пачалі яны ціха ненавідзяць яны Лукашэнку і ягоную хеўру, а ўзяўшы чарку ды разняволіўшыся, зычыць дыктатару схадзіць да Абрама на піва.
Змагацца з гэтай з’явай у цяперашняй дзяржаве, на маю думку, пакуль што бессэнсоўна. Карупцыя ды крадзяжы як квітнелі, так і будуць квітнець, пакуль існуе дыктатура. Бо дыктатура гэта і ёсць карупцыя на найвышэйшым узроўні.