У гарадзенскай гімназіі на ўроку танцаў памерла шасцікласніца
22- 20.11.2023, 17:07
- 19,448
Дзяўчынцы было 12 гадоў.
У пятніцу, 17 лістапада, у адной з гімназій Гародні на ўроку памерла шасцікласніца. Дзяўчынцы стала дрэнна, ёй праводзілі меддапамогу, але выратаваць яе не атрымалася, расказалі «Люстэрку» чытачы. Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэнне пакуль не паведамляла.
Як расказаў сваяк аднаго з вучняў, у гімназіі №5 у Гародні памерла шасцікласніца. Дзяўчынцы было 12 гадоў. У гэтай установе адукацыі ёсць класы з харэаграфічным ухілам, і надзвычайнае здарэнне адбылося на ўроку танцаў.
– Наколькі я ведаю, у дзяцей штодня ўрокі танцаў, часам яны даўжэй за дзве гадзіны, нагрузка вялікая, але дзецям падабаецца. Ну, і ў пятніцу проста на ўроку дзяўчынцы стала дрэнна, яна памерла. Настаўнікаў пасля здарэння збіралі на нейкую нараду і, напэўна, сказалі, каб яны маўчалі. Таму што бацькам пра гэта нічога ў школе не гаварылі – ні ў навінах, ні ў чатах інфармацыі няма. Але гэта абуральна – хоць бы растлумачылі прычыну, паставілі бацькоў у вядомасць, каб хоць бы яны ведалі, можа, недзе за здароўем дзяцей больш сачыць трэба, да лекара хадзіць часцей, калі такія нагрузкі, – расказаў суразмоўца.
Паводле ягоных словаў, калі дзіцяці стала дрэнна, праводзіліся рэанімацыйныя дзеянні, верагодна, прыязджала хуткая, але ўратаваць дзяўчынку не змаглі. Неафіцыйная прычына смерці – праблемы з сэрцам.
У гімназіі, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як маці адной з вучаніцаў, пацвердзілі: шасцікласніца памерла падчас урока.
– Стала дрэнна, страціла прытомнасць – і ўсё, лекары не змаглі ўратаваць, праводзілі дапамогу. Там у дзіцяці былі праблемы са здароўем, – патлумачылі ў адміністрацыі, падрабязнасці праз тэлефон расказваць адмовіліся.
Афіцыйна мясцовыя ўлады Гародні ці Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэнне з гібеллю дзіцяці на ўроку не паведамлялі. Пакуль невядома, ці праводзіцца нейкая праверка.