7 снежня 2023, Чацвер, 13:01
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Кітай пакараў Лукашэнку, выштурхнуўшы з вагона

7
Палітолаг: Кітай пакараў Лукашэнку, выштурхнуўшы з вагона

Дыктатару груба нагадалі пра ягонае месца.

Палітолаг і гісторык Роза Турарбекава мяркуе, што ў стасунках паміж Кітаем і Беларуссю апошнім часам назіраюцца некаторыя праблемы і адпраўка ў Паднябесную Аляксандра Чарвякова, які дагэтуль быў міністрам эканомікі, абсалютна невыпадковая.

- Мяне ўсё турбуе пытанне, чаму Лукашэнка не патрапіў у Пекін на форум «Пояс і шлях». Я кансультавалася з гэтай нагоды з нашымі кітаістамі, і адным з самых праўдападобных тлумачэнняў з'яўляецца тое, што Лукашэнка ўсё ж такі атрымаў «кітайскае папярэджанне», — каментуе ў інтэрв'ю Еўрарадыё Роза Турарбекава.

Гэтае папярэджанне, на думку палітолага, можа быць звязанае з сітуацыяй на мяжы з Еўрапейскім звязам, якую Лукашэнка паабяцаў нармалізаваць, калі быў з афіцыйным візітам у Пекіне яшчэ на пачатку 2023 года.

- І ён гэтае сваё абяцанне не выканаў, - тлумачыць Роза Турарбекава. - Відавочна з гэтым і звязаны вось гэты грубы напамін, таму што па кітайскіх мерках, гэта вельмі грубы напамін.

Аналітык упэўнена, што, прызначаючы зараз міністра эканомікі паслом у Кітай, Лукашэнка хоча змякчыць узніклую няёмкасць.

- Лукашэнка ўсё яшчэ думае, што паслы ў стане стварыць нейкі цуд і выправіць тую сітуацыю, у якой ён сам, уласна, і вінаваты. Бо ніхто, апроч яго, у ёй не быў вінаваты. І нікому, акрамя Лукашэнкі, прынамсі найбліжэйшым часам, не атрымаецца гэтую сітуацыю ўрэгуляваць, - тлумачыць экспэрт. - А Кітай зацікаўлены ў тым, каб сітуацыя на мяжы заставалася стабільнай і грузы ішлі. І ўсё, што звязана з дэстабілізацыяй мяжы, іх непакоіць — незалежна ад таго, які з гэтых бакоў з'яўляецца вінаватым.

А я думаю, кітайскія аналітыкі пішуць, хто ў гэтай сітуацыі вінаваты. Таму, мне падаецца, што Лукашэнку зараз актыўна выштурхваюць нават з гэтага кітайскага вагона.

Што тычыцца непасрэдна прызначэння былога міністра эканомікі паслом, то, на думку палітолага, у беларускай іерархіі - гэта не высылка, а ў пэўным сэнсе падвышэнне.

- Сёння Кітай у прыярытэтах. І для Чарвякова гэта добрая магчымасць і добры трамплін, калі ён зможа сябе паказаць. Бо для Лукашэнкі важней мець добрага амбасадара там, чым дрэннага міністра тут. Гэта яшчэ і сігнал з боку Менска, што вось мы жадаем з вамі далей развіваць эканамічныя стасункі, бачыце, якога чалавека вам дасылаем.

Але, скажу па-простаму: для кітайцаў - гэта як мёртваму прыпарка. Спачатку трэба змяніць паводзіны самога Лукашэнкі, - адзначае Роза Турарбекава.

Зрэшты, пытанне застаецца ў тым, ці можа Лукашэнка зрабіць штосьці ў сітуацыі з міграцыйным крызісам і наладзіць стасункі з еўрапейскімі суседзямі?

- Але, разумееце, кітайцам усё адно, ім, прабачце за выраз, пляваць на яго «пакуты юнага Вертэра». Гэта яго асабістыя праблемы. А вось іх інтарэсы - гэта іх інтарэсы. Ім патрэбны вынік, яны людзі рацыянальныя і вельмі практычныя.

Калі ён не можа і не здольны развязаць праблему, то які ён пасля гэтага «прэзідэнт» нейкай там незалежнай дзяржавы? Тады, напэўна, кітайцы будуць рабіць наступную лагічную выснову аб тым, што хутчэй трэба не з Лукашэнкам, а з Пуціным размаўляць на тэму ўрэгулявання сітуацыі на мяжы з Еўрапейскім звязам, - адзначае палітолаг.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках