Ці рэальна пражыць на «мінімалку» ў Беларусі?
9- 11.12.2023, 10:22
- 9,104

Для мноства беларусаў гэта не сацыяльны эксперымент, а штодзённая рэчаіснасць.
BAR24 знайшоў чалавека, які бярэ «мінімалку» ў Баранавічах, каб даведацца, ці рэальна пражыць на такія грошы.
Мінімальны заробак у Беларусі з 1 студзеня 2024 года падвысяць з цяперашніх 554 рублёў да 626. Гараджанка Марыя, якая працуе за «мінімалку» памочнікам выхавальніцы ў дзіцячым садку, павышэнню рада. Аднак кажа, што нават з улікам гэтага павышэння пражыць на мінімальны заробак у Беларусі нерэальна.
«Калі хварэеш, то і 554 не выходзіць»
Марыя мае вышэйшую адукацыю. Да дзіцячага адпачынку яна працавала ў гандлі, дзе ейны заробак быў вышэйшы за «мінімалку». Але, калі надышоў час выходзіць з адпачынку, спадарыня была вымушаная шукаць іншую працу. Бліжэй да дома. Вось і ўладкавалася ў дзіцячы садок памочніцай выхавальніцы.
- Да адпачынку заплата мая была 600 рублёў. Але тады і цэны меншыя былі. Цяпер я бяру 554-570 рублёў. З дадатковымі работамі — 600-630. Але калі хварэеш, то і 554 не выходзіць, — апавядае Марыя. - Пайшла працаваць у садок дзеля раскладу. Муж працуе за местам. Бывае, што 7 дзён на тыдні. А дзяцей трэба некаму глядзець. Праца ж, садок і школа — за 15-20 хвілінах ад дома пешшу.
Звестак аб тым, колькі работнікаў у Беларусі бяруць мінімальны заробак, у адкрытым доступе няма. Але прыкладна кожная восьмая вакансія дзяржаўнай службы занятасці ў Баранавічах прапануе "мінімалку". Або блізкі да яе заробак.
Працоўны дзень Марыі пачынаецца а 7.45 і заканчваецца а 16.30. У ейныя асноўныя абавязкі ўваходзіць прыбіранне памяшканняў (групы і не толькі) па некалькі разоў на дзень. Плюс прыбіранне пляцоўкі на дварэ, куды малеча ходзіць на шпацыр. Атрыманне харчавання, накрыванне сталоў і мыццё посуду. Таксама яна дапамагае выхавальніцы з дзецьмі.
Праца, кажа Марыя, цяжкая. Асабліва, калі дзеля лішняй капейчыны бярэш падпрацоўку ў іншай групе, імкнучыся ўсё ўсюды паспець.
- Праца складаная яшчэ і ў эмацыйным плане. Дзеці розныя бываюць. І з няшчасных сем'яў. Душа баліць за такіх дзетак. Дый кіраўніцтва, бывае, можа нэрвы патузаць. Але працуеш, бо вымушаная працаваць, — кажа спадарыня.
«Аванс заканчваецца дзён за восем»
На што стае заробку памочніцы выхавальніцы? "Ды амаль ні на што", — кажа Марыя.
- Грошы нам даюць два разы на месяц. Аванс заканчваецца недзе дзён за восем. Максімум — дзесяць. З заробку я плачу 75 рублёў на раты. І залічваю 30 рублёў сабе на тэлефон і сыну на гадзіннік. На лячэнне мне былі патрэбныя грошы, па 100 рублёў штомесяц адкладала, —- пералічвае Марыя. — На бытавую хімію і лекі, калі дзеці хварэюць, ідзе прыкладна па 50 рублёў. На касметыку выдаткоўваю 20 рублёў, 30 — на вейкі. Астатняе — на ежу. За камунальныя паслугі, садок дзецям, прадукты, адзенне плацім з мужавай заплаты.
Муж, са слоў Марыі, зарабляе ў некалькі разоў больш за яе. Але ўсё адно не ашчаджаць у сям'і не выходзіць.
- На дзецях і ежы мы не ашчаджаем. А сабе купляем адзенне або абутак толькі пры патрэбе. І стараемся браць добрае, каб на пару гадоў стала. А хацелася б і сабе нешта купляць, касметыку даражэйшую, — кажа жыхарка.
«Буду шукаць іншую працу»
Навіне аб тым, што з новага года мінімальны заробак у Беларусі прыкметна паднімуць, Марыя ўзрадавалася. Аднак яна не верыць, што ейны заробак ад гэтага моцна вырасце.
- 626 рублёў — гэта ж да выліку падатку. Калі яго адняць, выйдзе пад 580. І тое, калі цэлы месяц працаваць. А калі вазьму лісток непрацаздольнасці, зноў жа 500-530 атрымаю, — падлічыла яна.
Са слоў Марыі, калі б за ейную працу плацілі рублёў 800-850, «было б выдатна».
– А так працуеш пакуль вымушана. Ратацыя на такую пасаду вялікая, бо працы шмат, а плацяць мала. Я сама да лета папрацую, а там буду шукаць іншую працу, — кажа Марыя.
На думку спадарыні, тое, што дзяржава ўстанаўлівае суму мінімальнага заробку, магчыма, для кагосьці і няблага. Але не для яе.
- Для працоўных на нізкааплатных пасадах гэта гарантыя, што яны атрымаюць свае належныя грошы. Але, з іншага боку, ёсць такая праца, за якую маюць больш плаціць. Напрыклад, як наша ў дзіцячых садках, — адзначае яна.
На пытанне ж, ці рэальна пражыць на мінімальную заплату, Марыя адказвае адназначна: "Не, вядома!".
– Толькі за садок і гурток дачкі выходзіць 124 рублі. Сынавы група падоўжанага дня і дадатковыя заняткі ў школе — яшчэ 152. На камунальныя паслугі штомесяц ідзе яшчэ 150 рублёў. І гэта маючы сваю кватэру! — пералічвае Марыя. — А трэба ж яшчэ і нешта ў дом купіць, і адзенне дзецям, і паесці.