Z-прапагандысты б'юць трывогу праз сітуацыю пад Аўдзееўкай
2- 11.12.2023, 10:32
- 11,204

«Ваенныя карэспандэнты» называюць сітуацыю там «аблегчанай версіяй Бахмуцкай калатні».
Расейскія акупанты працягваюць баявыя дзеянні на Аўдзееўскім кірунку, дамогшыся пэўнрых поспехаў. Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны ISW апісалі сітуацыю на гэтай дзялянцы фронту за мінулы дзень. Кадры з геалакацыяй ад 9 снежня паказалі, што акупанты знаходзяцца на ўсход ад Стэпавага.
Расейскія ваенныя карэспандэнты заяўляюць, што УС РФ прасунуліся на поўнач ад коксахімічнага завода, атакуючы УСУ ў ваколіцы прамысловай зоны і каля Новакалінава. У Генеральным штабе Украіны паведамілі, што напярэдадні адбілі 39 атак ля Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, Першамайскага, Паўночнага і Тоненькага. Кіраўнік Аўдзееўскай ЦВА Віталь Барабаш заявіў, што акупанты атакуюць пазіцыі УСУ незалежна ад надвор'я. А вось адзін з расейскіх ваенных карэспандэнтаў ахарактарызаваў Аўдзееўскі фронт як «аблегчаную версію Бахмуцкай калатні».
МА РФ далей кідае ў бой пяхоту без падтрымкі панцырнай тэхнікі на ўмацаваныя пазіцыі УСУ. Вораг мае прасоўванні і пад Мар'інкай. Кадры з геалакацыяй ад 10 снежня паказалі прысутнасць расейскага войска на паўднёва-заходняй ускраіне Мар'інкі. Цяпер УСУ адышлі на захад места, а практычна ўся Мар'інка ўжо пад акупантамі.