Андрэй Шарэнда: Гэта ўзнагарода для ўсіх палітычных зняволеных жанчын
1- 11.12.2023, 15:04
- 3,476

Тысячы вязняў рэжыму Лукашэнкі працягваюць барацьбу.
У Вільні 10 снежня ўзнагародзілі пераможцаў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці. Гэтая прэмія ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека. І першым пераможцам у новай намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года» стала актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк.
Муж палітычнай зняволенай, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў, што разглядае гэтую прэмію ўзнагародай для ўсіх жанчын, якія знаходзяцца ў лукашэнкаўскіх турмах:
- Гэта прэмія для непакоранай Вікторыі Кульшы, якую ўжо тройчы судзілі, а яе тэрмін стаў проста бясконцым. Вікторыі, якая толькі за апошнія 3 месяцы больш за 70 дзён правяла ў жудасных умовах штрафнога ізалятара, але працягвае барацьбу за свой гонар і годнасць.
Гэта ўзнагарода для Вольгі Залатар, маці пяцярых дзяцей, якая нават у турме працягвае размаўляць на беларускай мове, верыць у Бога і натхняць іншых палітвязняў.
Гэта прэмія і для Алены Пятроўны Гнаўк, простай пенсіянеркі, сіле волі і мужнасці якой можа пазайздросціць кожны мужчына. Гэта ўзнагарода і для Алены Лазарчык, якая супраціўляецца, і пра лёс якой невядома ўжо па больш за паўгода.
На ўзнагароджанне праваабаронцы называлі лічбы, што ў Беларусі каля паўтары 1500 палітвязняў. Некаторыя з іх спасылаюцца на лічбу ў 1700 палітвязняў. Але напраўду іх значна больш. На гэтай жа сустрэчы прысутнічалі былыя палітвязні, якія казалі, што напраўду вязняў рэжыму Лукашэнкі ў некалькі разоў больш. Рэальная колькасць палітвязняў можа нават перавышаць адзнаку ў 5000 чалавек. Гэта значыць, што імёны тысяч палітвязняў нам невядомыя. І наша прыярытэтная задача - ведаць іх імёны, каб іх барацьба, іх пакуты не былі марныя.
Ужо на гэтым тыдні, 15 снежня, у Гомельскім абласным «судзе» будзе разгледжана апеляцыя на апошні прысуд Паліны. Зразумела, што гэта проста фармальнасць, а прысуд застанецца ў дзеянні.
Але гэта значыць, што ўжо на гэтым тыдні Паліна можа быць этапаваная з СІЗА №3 горада Гомеля, дзе яна правяла апошнія некалькі месяцаў. Верагодней за ўсё, Паліну зноў этапуюць у калонію №24 «Зарэчча». У калонію для жанчын рэцыдывістак, якая вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Для Паліны паўторыцца так званы «год сурка» - пастаянныя выпрабаванні штрафным ізалятарам і камерамі закрытага тыпу. Але Паліна не здаецца і працягвае барацьбу. Яна шчыра ўдзячная ўсім за тую хвалю салідарнасці, якая здарылася з ёй за апошнія некалькі месяцаў, за тыя сотні лістоў, пераводаў і бандэроляў, якія ёй даслалі. Паліна заклікае беларусаў не здавацца на шляху да свабоды Беларусі!