У Беларусь ідзе цёплае надвор'е
1- 11.12.2023, 20:30
- 5,762

Прагноз на 12–14 снежня.
На змену маразам прыйдзе адліга. Непагодлівая і цёплая Атлантыка прынясе сырое, ветранае і золкае надвор'е. На зімовае сонца спадзявацца не выпадае. Пад нагамі слата.
12 снежня ўмовы надвор'я вызначыць атлантычны цыклон і звязаныя з ім атмасферныя франты. Яны закрыюць неба шчыльнымі аблокамі, прынясуць ападкі і прыкметна падвысяць тэмпературу.
У аўторак воблачна. На большай частцы краіны – снег з дажджом. Месцамі слабыя туман і галалёд. Вільготнасць да 90 адсоткаў. На асобных адрэзках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы сярэдні. Атмасферны ціск уначы будзе слаба падаць, днём істотна не зменіцца.
Раніцай – ад +1°C па паўднёвым захадзе да -2°C па паўночным усходзе. З улікам вільготнасці і ветру, з адчуванняў, будзе халаднавата. Днём слупкі тэрмометраў у большасці рэгіёнаў будуць паказваць блізу +1°C. Вечарам паўсюдна блізу 0°C.
У сераду – пахмурна, мокры снег уперамешку з дажджом. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці сярэдні. Тэмпература цягам сутак складзе ад -3 да +3°C. У другой палове тыдня Беларусь апынецца пад уплывам чарговага непагоднага цыклону з тэрыторыі Карпатаў. У большасці раёнаў мокры снег з дажджом, раніцай і днём у паўднёва-ўсходнім рэгіёне – моцныя ападкі. Вецер усходні з пераходам на паўночны сярэдні, у дзённы час часам парывісты. Тэмпературны фон не зменіцца, будзе -3°C… +3°C.