Новым прэм'ерам Польшчы абраны Дональд Туск
10- 11.12.2023, 21:03
- 18,560

Палітык ужо ўзначальваў урад Польшчы ў 2007–2014 гадах.
Сойм Польшчы на паседжанні ў панядзелак абраў новага прэм'ер-міністра, ім стаў Дональд Туск. Ягоную кандыдатуру падтрымала кааліцыя партый, якая валодае большасцю галасоў у ніжняй палаце парламента. Трансляцыю вяло Польскае агенцтва друку.
За Туска прагаласавалі 248 дэпутатаў, супраць 201, тых, хто ўстрымаўся, не было.
Раней у панядзелак дэпутаты адмовіліся прадаўжаць працу часовага ўраду Матэвуша Маравецкага. Гэта стала магчымым пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі восенню, на якіх саступіла кіроўная партыя «Права і справядлівасць».
Фармальна партыя перамагла, набраўшы больш галасоў, чым яе спаборнікі. Таму прэзідэнт краіны Анджэй Дуда даў ёй права сфармаваць урад. «Права і справядлівасць» не здолела прывабіць на свой бок нікога з палітычных апанентаў.
У панядзелак за даванне вотуму даверу ўраду прагаласавалі 190 дэпутатаў, супраць – 266. Тых, хто ўстрымаўся, не было.
66-гадовы Туск ужо ўзначальваў урад Польшчы ў 2007–2014 гадах. Ён двойчы абіраўся старшынёй Еўрарады, вышэйшага палітычнага органа Еўразвязу. Туск выступае за прадаўжэнне еўрапейскай інтэграцыі Польшчы.