Дырэктарам завода «Палімір» прызначылі інжынера, якога прапаганда ўважае за «нобелеўскага лаўрэата»
6- 11.12.2023, 21:15
- 13,648

Беларусы не чулі пра такога «лаўрэата».
9 снежня на пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан» у хімічнай вытворчасці – дырэктара завода «Палімір» заступіў Віталь Руткевіч, які да гэтага 4 гады працаваў галоўным інжынерам прадпрыемства. Цікава, што пры паведамленні пра ягонае новае прызначэнне дзяржаўныя крыніцы падкрэсліваюць, што ён «нобелеўскі лаўрэат у складзе арганізацыі», піша «Наша Нiва».
Тлумачыцца такая фармулёўка тым, што ў 2013 годзе Нобелеўскую прэмію міру атрымала Міжнародная арганізацыя забароны хімічнай зброі (АЗХЗ). Віталь Руткевіч з чэрвеня 1998 года да кастрычніка 2008-га праз накіраванне МЗС Рэспублікі Беларусь прадстаўляў Беларусь у гэтай арганізацыі.

Перанос ганаровага звання, дадзенага арганізацыі, на любога чалавека, які нейкі час меў да яе дачыненне – дзіўнае ноў-хаў дзяржаўных прапагандыстаў.
Пры гэтым людзі, якія сапраўды ўганараваныя Нобелеўскай прэміяй, – Святлана Алексіевіч у 2015-м і Алесь Бяляцкі ў 2022-м – для тых жа прапагандыстаў не толькі не героі, але і ворагі.