Стала вядома, у якіх выпадках не спрацуе вакцына ад алкагалізму, якая ствараецца ў Беларусі
12- 2.12.2023, 12:41
- 6,788
Лекарка-эндакрынолаг раскрыла падрабязнасці.
Расейская лекарка-эндакрынолаг Зухра Паўлава пры каментаванні ў сваім тэлеграм-канале навіны аб выпрабаваннях вакцыны ад алкагольнай залежнасці ў Беларусі выказала думку, што бескарысна ўводзіць яе чалавеку, у якога моцна знізілася адчувальнасць рэцэптараў.
«Толку не будзе - уздзейнічаць проста няма на што. Цяга да алкаголю не прападзе», - адзначыла медык.
Менавіта таму беларускія медыкі гавораць аб прэвентыўнай, гэта значыць, папераджальнай вакцынацыі.
Зухра Паўлава расказала, як развіваецца алкагалізм:
«Чалавек хоча атрымаць задавальненне, выпівае, у яго ў арганізме выдзяляецца дафамін (гармон радасці). Але чым часцей выкарыстоўваецца гэты спосаб, тым ніжэйшая адчувальнасць рэцэптараў, і тым больш трэба выпіць алкаголю, каб адчуць эйфарыю».
Як вынік - праблемы з псіхікай і здароўем, змены ў мозгу, разбурэнне асобы і смерць.
Вакцына ад алкагалізму ж змяшчае адэнавірус, з дапамогай якога ў арганізм уводзіцца бялок, што стымулюе сінтэз таго самага гармону радасці дафаміна. Дафамін ідзе ўверх, і яго не трэба штучна паднімаць з дапамогай алкаголю.
Таму ў выпадку з паніжаным сінтэзам дафаміна вакцына, заснаваная на гэтым прынцыпе, працаваць будзе і зможа дапамагчы вялікай колькасці людзей.
«На мой погляд, гэта вельмі перспектыўна хаця б таму, што вялізнае мноства праблем звязанае менавіта з залежнасцямі», - падкрэсліла Зухра Паўлава.