Нямецкі зброевы гігант Rheinmetall запускае вытворчасць ва Украіне
2- 2.12.2023, 21:09
- 6,190

Ужо налета.
Нямецкі канцэрн Rheinmetall пачне вырабляць бронетэхніку ва Украіне ўжо налета. На заводзе будуць выпускаць бронетранспарцёры Fuchs і баявыя машыны пяхоты Lynx, паведаміў гендырэктар кампаніі Армін Папергер у інтэрв'ю WirtschaftsWoche.
Ён чакае, што адпаведная дамова з Украінай будзе заключаная ў пачатку 2024 года. «Пасля падпісання кантракту мы хочам скончыць першы Fuchs на працягу 6-7 месяцаў, а першы Lynx – на працягу 12-13 месяцаў», – удакладніў Папергер.
З ягоных слоў, серыйная вытворчасць БТР ва Украіне пачнецца ў канцы лета 2024 года, а БМП – летам 2025-га. Пры гэтым выпуск танкаў Panther пакуль не разглядаецца.
Папергер дадаў, што Rheinmetall не збіраецца будаваць ва Украіне новыя заводы – замест гэтага канцэрн плануе арандаваць і пераабсталяваць існыя магутнасці. Ён уважае, што сумеснымі намаганнямі ўдасца гарантаваць іх бяспеку. «Яны, здаецца, дастаткова добра абароненыя, – прынамсі, гэта паказаў досвед апошніх двух гадоў вайны», – адзначыў Папергер.
У кастрычніку гэтага года АТ «Украінская абаронная прамысловасць» і Rheinmetall зарэгістравалі сумеснае прадпрыемства. Яно павінна дапамагчы з мясцовай вытворчасцю ключавога абсталявання, а таксама абслугоўваннем і рамонтам заходняга ўзбраення. Паведамлялася, што прадпрыемства будзе базавацца ў Кіеве. Перш за ўсё плануецца наладзіць рамонт нямецкай тэхнікі, у тым ліку PzH 2000 – самаходных артылерыйскіх установак (САУ) кампаніі Krauss-Maffei Wegmann.
Rheinmetall зʼяўляецца найбуйнейшым абаронна-прамысловым партнёрам Украіны. У 2022 годзе канцэрн атрымаў заказы на €900 млн, а ў 2023-м іх абʼём павялічыўся да €2,5 млрд. Папергер прагназуе, што налета тэндэнцыя працягнецца.
У сакавіку кіраўнік Rheinmetall казаў пра планы пабудаваць у Украіне танкавы завод вытворчасці найноўшых танкаў Panther. Тады Папергер адзначаў, што кошт праекту складзе амаль €200 млн, прадпрыемства зможа выпускаць да 400 машын у год. Panther – апошняя мадэль сучасных баявых танкаў Rheinmetall. Іх пакуль не выкарыстоўвае ніводнае войска свету. Цяпер яны знаходзяцца ў стадыі перадсерыйнага прататыпа.