25 красавiка 2024, Чацвер, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, каб атрымаць пароль ад Telegram

12
Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, каб атрымаць пароль ад Telegram

Расейская журналістка расказала пра 15 дзён на Акрэсціна.

Лукашысты катуюць за кратамі палітвязняў. Расейская журналістка Кацярына Яньшына, якая адбыла 15 дзён на Акрэсціна, распавяла, што праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Як мне потым расказалі, дзяўчыну, якая проста забылася свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэтую гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрымаю, перш чым зламаюся і дам паролі», - распавяла Кацярына Яньшына.

Раней Наста Лойка на судовым пасяджэнні распавядала пра тое, што працаўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з працаўнікоў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без адзення на восем гадзін.

Расейская журналістка Кацярына Яньшына расказала таксама і пра іншых палітвязняў:

«Я сядзела ў адной камеры з Ганнай Лівянт, дачкой вядомага рэпетытара Яўгена. Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да яе бацькоў. І на ранішнім «шмоне» яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Бо калі па цябе прыйшлі раней часу, дык гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Ці то новыя «арышт», ці то крымінальная справа. Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА».

Журналістка кажа, што з ёй нічога страшнага насамрэч не адбылося, а вось іншым – беларусам і беларускам – не пашанцавала:

«Адна рэч чытаць навіны, а другая - убачыць усё на ўласныя вочы. Я зразумела, наколькі мы сабе не ўяўляем, што адбываецца ў Беларусі. Нават са сваім расейскім досведам я прыехала і дзівілася. У ЦІПе я думала, што магу некалькі разоў патэлефанаваць камусьці, мне змогуць перадаць адзенне, бо я ў пінжаку і штанах - занадта шыкоўна, каб спаць на падлозе з блашчыцамі. Але ўсё было не так. Памятаю паказальны выпадак: на ўваходзе ў ЦІП я пытаю ў канваіра, ці дадуць мне кнігі. Мужчына без формы, які стаяў побач, ухмыльнуўся і сказаў: «Вядома, і кнігі, і настольныя гульні, і ў більярд тут пагуляеш!» Я тады ўжо зразумела, што мяне чакаюць не тыя ўмовы, якіх я чакаю», - распавядае расейская журналістка.

Паводле ейных слоў, тое, што адбываецца ў Беларусі, у Расеі яшчэ не бачылі. Яньшыну здзівіў суд праз скайп, паводзіны міліцыянтаў і беззаконне сілавікоў, а таксама бытавыя ўмовы ў камеры і катаванні, якія яна перанесла ў ЦІП на Акрэсціна.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках