19 красавiка 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка сустрэўся з Кракадзілам, які «з'еў» ягонага сябра

11
Лукашэнка сустрэўся з Кракадзілам, які «з'еў» ягонага сябра

Што звязвае беларускага дыктатара з Зімбабвэ.

Лукашэнка знаходзіцца з візітам у Зімбабвэ, дзе сустрэўся з кіраўніком афрыканскай краіны Эмэрсанам Мнангагвай на мянушку Кракадзіл.

Нягледзячы на тое, што гэта першы візіт беларускага дыктатара на афрыканскі кантынент, яго шмат што звязвае з Зімбабвэ. Сяброўства з папярэднікам Мнангавы, дыктатарам Робертам Мугабэ, які кіраваў афрыканскай краінай 30 гадоў. У 2017 годзе Мугабэ адхілілі ад улады. Праз чатыры дні дыктатара змяніў на пасадзе ягоны намеснік Эмерсан Мнангагва.

Сайт Charter97.org распавядае, што звязвала Лукашэнку і Мугабэ, а таксама што вядома пра цяперашняга кіраўніка краіны на мянушку Кракадзіл.

Што родніць Лукашэнку і першага зімбабвійскага дыктатара

Роберт Мугабэ стаў прэм'ер-міністрам Зімбабвэ ў 1980 годзе, калі афрыканская краіна здабыла незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Затым ён уступіў на пасаду прэзідэнта краіны.

Роберт Мугабэ абяцаў дэмакратыю і прымірэнне, але афрыканская краіна пагрузілася ў карупцыю. Зімбабвэ стала асацыявацца з эканамічнай катастрофай.

Эканамічныя экспэрыменты, якія праводзіў Мугабэ, прывялі краіну да рэкорднай гіперінфляцыі. Падвышэнне коштаў складала тысячы адсоткаў на месяц, а ў лістападзе 2008 года інфляцыя дасягнула велічыні 79,6 мільярда адсоткаў.

Радніць зімбабвійскага дыктатара з беларускім калегам яшчэ адзін факт - барацьба з іншадумствам і фальсіфікацыі выбараў. Заходнія краіны не прызнавалі выбарчыя кампаніі ў Зімбабвэ, а ААН заклікала расследаваць фальсіфікацыі. Сваіх палітычных супраціўнікаў Мугабэ выганяў з краіны. У эміграцыі давялося пабываць і цяперашняму кіраўніку Зімбабвэ Эмерсану Мнангагве.

Афрыканскі дыктатар запомніўся як заўзяты крытык Захаду, асабліва - Вялікабрытаніі. У эканамічных праблемах, якія спадарожнічалі ягонаму кіраванню, Мугабэ абвінавачваў краіны Захаду, «якія спрабуюць яго зрынуць».

Як Кракадзіл «з'еў» Мугабэ

Палітычны крызіс, які скончыўся зрынаннем Мугабэ, пачаўся ў лістапада 2017 года. Зімбабвійскі дыктатар звольніў з пасады віцэ-прэзідэнта краіны Эмерсана Мнангагва, аднаго з лідараў партызанскай вайны за незалежнасць і шматгадовага паплечніка дыктатара. Мугабэ вырашыў аддаць гэтую пасаду сваёй жонцы - Грэйс.

Камандзір войскам Канстанціна Чывенга заявіў, што войска спыніць тых, хто «хоча разбурыць дасягненні рэвалюцыі».

15 лістапада 93-гадовы дыктатар Роберт Мугабэ быў зрынуты вайскоўцамі і змешчаны пад хатні арышт. Вайскоўцы вывелі танкі на вуліцу, узялі пад кантроль тэлерадыёкампанію ZBC, у эфіры якой абвясцілі, што ніякага перавароту няма, але войска кантралюе сітуацыю ў краіне.

Зімбабвійскі дыктатар пагадзіўся пакінуць пасаду, атрымаўшы 10 мільёнаў даляраў ЗША «адступных» і імунітэт ад крымінальнага пераследу. У снежні 2017 года Мугабэ пакінуў радзіму і памёр у Сінгапуры ў 2019 годзе ва ўзросце 95 гадоў.

Тады Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю свайго сябра.

«Пайшоў з жыцця чалавек, які зрабіў неацэнны ўклад у здабыццё незалежнасці і ўмацаванне зімбабвійскай дзяржавы, падвышэнне аўтарытэту і ўплыву вашай краіны на Афрыканскім кантыненце і міжнароднай арэне. Добрая памяць аб ім назаўжды захаваецца ў нашых сэрцах», - пісаў беларускі дыктатар.

Краіну ўзначаліў Эмерсан Мнангагва. Сваю мянушку Кракадзіл ён атрымаў яшчэ ў маладосці, калі ваяваў супраць улад Паўднёвай Радэзіі і тэрарызаваў еўрапейскае насельніцтва краіны ў складзе атрада «Банда кракадзілаў». У юнацтве ён удзельнічаў у генацыдзе народа ндэбелі.

Лукашэнка не раз публічна выступаў супраць «гвалтоўнай змены ўлады», баючыся таго, што аднойчы сам будзе зрынуты. Сёння ж Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком, які сам прыйшоў да ўлады ў выніку перавароту. Пра свайго сябра, якога «з'еў» Кракадзіл, Лукашэнка хутка забыўся.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках