29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вагнераўцы», якія ўцяклі з Украіны, учынілі ў Расеі тэрор

7
«Вагнераўцы», якія ўцяклі з Украіны, учынілі ў Расеі тэрор

Па РФ пракацілася хваля нападаў.

З расейскага войска і падраздзяленняў так званай ПВК «Вагнер», у шэрагах якіх ваююць завербаваныя зэкі, уцякаюць акупанты. Некаторыя змаглі «растварыцца» на пакуль яшчэ кантраляванай захопнікамі часткі Украіны, аднак большасць ужо вярнуліся дадому. Іх навыкі «мірныя» расейцы ўжо адчулі на сабе: у прымежных рэгіёнах РФ адбылася серыя ўзброеных нападаў.

Аб гэтым піша obozrevatel.com.

«Вайна хутка выцвярэжвае»

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі страты акупацыйнага войска паводле звестак Генштаба УСУ склалі ўжо амаль 130 тысяч чалавек. І калі большасць расейскіх маці з гонарам і радасцю выпраўляюць сыноў на вайну, то самі «ваякі», апынуўшыся на фронце, неўзабаве разумеюць, у што ўвязаліся.

«Патрыятычнае ачмурэнне, у якім знаходзіліся гэтыя расейцы, знікае. Таму што ты ўжо не ў канапавых войсках, а ў самых сапраўдных: тут кроў, бруд і можна застацца назаўжды. Імавернасць вярнуцца дадому «грузам 200» надзвычай высокая. Вайна хутка выцвярэжвае - гэта факт, і расейцам страшна: матывацыя ўкраінцаў знішчыць паскуддзе проста велізарная», - падзяліўся інфармацыяй афіцэр аднаго з украінскіх спецпадраздзяленняў, які цяпер знаходзіцца пад Бахмутам.

Адтуль, дзе ідуць найбольш кровапралітныя баі, уцячы ўжо складана, аднак некаторым расейскім акупантам гэта ўсё ж удалося. Пераважная большасць уцекачоў - гэта зэкі-«вагнераўцы».

«Сярод іх ёсць як дробныя злодзеі-чысцюлі, так і мацёрыя злачынцы, якім і раней даводзілася хавацца ад правасуддзя. Таму жыццё ва ўцёках для іх не ў навінку, праўда, цяпер задача ўскладнілася. На акупаванай частцы, напрыклад, Данецкай вобласці, згубіцца цяжка. Кожны чужынец навідавоку, ды і дакументы стала правяраюць, а новыя атрымаць надзвычай цяжка. Таму ўцекачы імкнуцца вярнуцца ў Расею - там у іх варыянтаў на парадак больш», - распавялі ва ўкраінскай выведцы.

Паляванне на «дыверсантаў»

Акупантам, якія ўцяклі з Украіны, усё ж удаецца прарвацца дадому, але там таксама трэба выжыць і не трапіцца. А без дакументаў і грошай выйсце адно: «зарабляць» усякім спосабам.

Думаць, што ў бандытаў і разбойнікаў ёсць нейкія маральныя прынцыпы - вялікая памылка. Рабаваць і забіваць што ўкраінцаў, што расейцаў - ім без розніцы, але ў знаёмым асяроддзі гэта рабіць «зручней». А яшчэ злачынцы - добрыя псіхолагі і хутка знаходзяць спосабы, як падмануць людзей.

Новая фішка - пошук «украінскіх дыверсантаў» у прымежных рэгіёнах Расеі. І гэтым акурат зарабляюць уцекачы, якія прыбылі з «зоны СВА».

Яны заходзяць у кватэры і дамы паджылых расейцаў і кажуць, што шукаюць дыверсантаў і шпіёнаў УСУ, а затым паводле знаёмага сцэнару: гаспадароў звязваюць і забіраюць грошы і ўсе каштоўнасці.

Адзін з апошніх выпадкаў адбыўся ў сяле Цярэбране Белгародскай вобласці. У дом да 77-гадовага расейца ўвайшоў невядомы ў масцы-«балаклаве». Ён заявіў, што тут хаваюцца ўкраінскія дыверсанты, і яму тэрмінова трэба агледзець памяшканне. Калі паджылы мужчына правёў «спецагента» ўнутр, той пачаў біць старога кастэтам па галаве, пасля чаго забраў усе зберажэнні і схаваўся.

Такія напады адбыліся таксама ў Крываносаве і Кантэміроўцы Варонежскай вобласці РФ, якая таксама мяжуе з Украінай. Але там ужо арудавалі двое «абаронцаў», якія ўцяклі з вайны ва Украіне. Яны зладжана «працавалі» ў пары і нападалі на паджылых і больш-менш заможных расейцаў. Дагэтуль злачынцаў не злавілі.

Яшчэ некалькі ўзброеных нападаў адбыліся ў Растоўскай вобласці: там ужо арудуе група з трох чалавек. У гэтых выпадках схема іншая: аўто расейцаў спыняюць на дарозе і просяць аб дапамозе, а затым ужо рабуюць.

Выпадкі ўцёкаў расейцаў з зоны баявых дзеянняў ва Украіне, вядома, замоўчваюцца, вось толькі жыхары прымежных тэрыторый ужо жывуць у страху. У той час, як іх палохаюць «надыходам УСУ», небяспека прыйшла ад сваіх жа суайчыннікаў. Але пасля выхаду на волю дзясяткаў тысяч асуджаных злачынцаў, завербаваных у шэрагі «вагнераўцаў», гэтага трэба было чакаць. А ў тое, што з кожным днём сітуацыя будзе напальвацца, сумнявацца не даводзіцца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках