Ігар Эйдман: Крэмль сам стрэліў сабе ў нагу
- 3.02.2023, 17:28
- 10,210

Якія санкцыі неўзабаве адчувальна ўдараць па Расеі.
Уведзеныя Захадам санкцыі супраць Расеі ўплываюць на яе эканоміку і ўзровень жыцця насельніцтва. Неўзабаве Масква пачне губляць нафтадаляры і наступіць бюджэтны крызіс і, адпаведна, у акупантаў узнікнуць праблемы з фінансаваннем вайны.
Пра гэта 24 Каналу сказаў палітолаг, сацыёлаг з Нямеччыны Ігар Эйдман. З ягоных слоў, катастрофа для Расеі стане непазбежнай ужо сёлета і звязаная яна, перш за ўсё, з санкцыямі супраць энэрганосьбітаў.
Якія санкцыі балюча ўдараць па Расеі
Эйдман адзначыў, што неўзабаве набываюць моц новыя санкцыі супраць Расеі, паводле якіх Еўразвяз і краіны G7 адмаўляюцца з 5 лютага купляць нафтапрадукты ў краіны-агрэсаркі. Гэта стане чарговым ударам па яе бюджэце пасля таго, як у снежні былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да расейскай нафты.
Да гэтага, праўда, яшчэ расейцы самі стрэл у нагу зрабілі, фактычна адмовіліся пастаўляць газ на еўрапейскі, перш за ўсё нямецкі рынак, - заявіў палітолаг.
Гэта значыць, з ягоных слоў, гэтыя ўдары па расейскай эканоміцы і бюджэце нашмат мацнейшыя і важнейшыя за тыя, якія былі зробленыя адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Тыя санкцыі не былі катастрафічнымі, а толькі крыху пагоршылі ўзровень жыцця расейцаў.
Расею чакае магутны бюджэтны крызіс
Палітолаг падкрэсліў, што дастаткова адчувальна для краіны-агрэсаркі будзе, калі ўдасца спыніць прыток нафтадаляраў з экспарту энэрганосьбітаў. Таму што яны для Расеі з’яўляюцца абсалютна прынцыповымі рэчамі, нейкім станавым хрыбтом яе эканомікі.
Цяпер, заўважыў ён, расейцы губляюць гэты рынак. Яны, вядома, прадаюць нафту ў Азію, але з вялікім дысконтам, і не ў такіх аб'ёмах. Бюджэт Расеі ж быў звярстаны з разліку 70 еўраў за даляр, а цяпер яны гандлююць той нафтай, якую могуць сапхнуць на азіяцкі рынак па 40 даляраў за барэль.
Улічваючы гэта, вядома, непазбежны магутны бюджэтны крызіс і пагаршэнне жыцця простых людзей, у тым ліку, і вялікія праблемы з фінансаваннем вайны, - сказаў Эйдман.
На меркаванне сацыёлага, усё гэта адбудзецца да сярэдзіны года, і тады халадзільнікі ў расейцаў пачнуць, так бы мовіць, пусцець. І менавіта тады можа наступіць нейкі «канфлікт паміж халадзільнікам і тэлевізарам». Пакуль жа настроеныя на вайну расейцы прызнаюць, што стала цяжэй, але не катастрафічна.
Тым не менш, рэзюмаваў ён, катастрофа стане непазбежнай ужо сёлета і звязаная яна найперш з санкцыямі супраць расейскіх энэрганосьбітаў, да таго ж і на ўран ужо хочуць накласці эмбарга. Таму досыць хутка мы ўбачым наступствы новых, значна больш зубаскрышальных санкцый.